Читать «Калiнiшын зяць (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

Аркадий Чернышевич

У такiя хвiлiны ўнутранага спусташэння на дапамогу яму прыходзiла Надзя са шклянкай гарэлкi. У Рамана ўзнiмаўся настрой, а Надзя вымала ўчарашнюю выручку. I Раман лiчыў грошы. Надзя адкладвала пяцёрку яму на папяросы, i злосць сцiхала.

Аднойчы ў суботу ён паспрабаваў абурыцца, калi жонка i цешча далiвалi няпоўны канiстр самагонкi вадой. (Справа ў тым, што ў нядзелю заўсёды было завозна, а гарэлкi не хапала.) Але Рамана асеклi iзноў. Потым ужо, будучы ў добрым гуморы, Калiнiха сказала, што п'янiцам пасля першай шклянкi добрай самагонкi можна даваць ваду, абы пахла гарэлкай. Яны ўсё выжлукцяць.

Аднаго разу ў хату зайшоў брыгадзiр. Раман збiраўся на работу, а Надзя была ў спальнi.

- Ты да мяне, Антось? - пацiкавiўся Раман.

- Не. Я да тваёй жонкi.

- А што такое?

- Нiчога такога, але чаму яна на работу не ходзiць?

Раман сумеўся.

- Ведаеш, братка... яна... ну, як табе сказаць.... - Раману не хацелася гаварыць чужому чалавеку, што яго жонка цяжарная. Надзя сама прыйшла яму на дапамогу. З прывабнай усмешкай яна выйшла з спальнi, прывiталася з брыгадзiрам i сказала:

- У мяне, Антось, даведка ёсць, чаму я на работу не хаджу. Пачакай хвiлiнку.

Яна зноў выйшла, i Антось падмiргнуў Раману.

- А бабка твая гладзенькая. Дабрэе! Не тое, што дзяўчынай была.

Раман пачырванеў. У гэты момант з'явiлася Надзя з паперкай у руках.

- На, Антось. Даведка з раённай бальнiцы.

Брыгадзiр пачытаў даведку i агледзеў Надзю з галавы да ног.

- Чорт вас ведае, маладых. Пакуль дзяўчына, дык здаровая, а як толькi выйдзе замуж, дык аказваецца, што ў яе сто хвароб. А якiя хваробы, сам чорт не разбярэ. Тут жа нейкая латынь.

Раман зiрнуў на жонку, яна перахапiла яго недаўменны, запытальны позiрк i апусцiла вочы. Брыгадзiр не заўважыў гэтага.

- Даведку аднясi ў праўленне, няхай там разбiраюцца.

Калi ён выйшаў, Раман накiнуўся на жонку:

- Дык ты што, не цяжарная?

- Рамано-ок, гэта ж яшчэ не скора будзе.

- А якая ў цябе даведка? Калi ты яе ўзяла?

- Не бойся, даведка як даведка. А ўзяла яе тады, як у цёткi была.

Раман стаяў як аслупянелы. Яна падышла да яго, абняла i шапнула:

- Рамано-ок! Ну, не злуйся... Хiба я гультайка? Я дзiцё наша шкадую!

VII

А Надзя i сапраўды дабрэла з кожным днём. Усё тое дзявочае, прывабнае i мiлае, што так Раман любiў у ёй, пачало згладжвацца i сцiрацца. Раман тлумачыў гэта цяжарнасцю, i Надзя падабалася яму яшчэ больш. Не падабалася яму толькi яе разленаванасць. Калi ён адыходзiў на работу, Надзя ляжала ў ложку або толькi падымалася i растрапаная стаяла каля печы. Не раз збiраўся Раман пагутарыць з ёю, нават папракнуць, ды так i не сабраўся. Але яна, хiтрая, бачыла яго наскрозь i ўмела павесцi сябе так, што ён забываў аб сваiх намерах. У хвiлiны рашучасцi, якiя прыходзiлi да яго тады, калi ён быў адзiн, Раман шмат чаго выказаў бы i ёй i цешчы, але бяда была ў тым, што гэтая рашучасць знiкала пры iх. Iншы раз Рамана брала злосць, але не надоўга. Так было, калi ён аднойчы прыехаў з лесу стомлены i знямоглы. У хаце не было нi цешчы, нi жонкi. Раман адчынiў шафу, каб знайсцi што-небудзь перакусiць. Позiрк яго ўпаў на бутэльку з гарэлкай. Ён, нiчога не думаючы, налiў шклянку i перакулiў яе ў рот. У гэтае iмгненне адчынiлiся дзверы, i на парозе з'явiлася цешча. Яна аслупянела i зiрнула на Рамана так, як, мабыць, калiсьцi глядзела на сваiх парабкаў.