Читать «Калiнiшын зяць (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Аркадий Чернышевич

Калi прыемнае цяпло разлiлося па жылах, настрой Раманаў палепшыўся.

- А ў мяне старшыня пытаў, чаму ты на работу не ходзiш, - паведамiў ён Надзi.

- Што ты яму адказаў? - запытала яна.

- Сказаў, што ты хворая.

- Во правiльна, сынок! - узрадавалася цешча. - А Надзя ж i сапраўды хворая.

Пакуль Раман вячэраў, жанчыны пашапталiся памiж сабой i абедзве падышлi да стала.

- Рамано-ок, - сказала Надзя, - мо б мы заўтра ў мястэчка з'ездзiлi.

- Чаго?

- Да цёткi мне трэба.

- Да якой цёткi?

- Да маёй стрыечнай сястры, - растлумачыла Калiнiха. - Удава яна. Чацвёра дзяцей гадуе. Старажыхай робiць, якi там заробак! Гаруе, бедная, а цяпер захварэла. Няхай бы Надзя завезла ёй чаго-небудзь ды пабыла там дзён колькi пры дзецях.

Раней нi ад цешчы, нi ад жонкi Раман не чуў, што ў мястэчку ў iх ёсць нейкая радня.

Аднак калi яму налiлi яшчэ адну шклянку, ён ужо сам рад быў памагчы той гаротнай удаве.

Назаўтра Раман сказаў брыгадзiру, што павязе жонку ў бальнiцу. Ён запрог каня i прыехаў па Надзю. Яна ўжо была гатова. Пакуль садзiлiся на воз, Калiнiха вынесла вялiзны, нечым напакаваны кош.

- Гасцiнцы сястры, - растлумачыла яна Раману. - Толькi асцярожна, бо тут i яйкi ёсць, каб не разбiлiся.

З мястэчка Раман прыехаў адзiн. Надзя вярнулася праз тыдзень, схуднелая i вельмi кволая.

VI

Iшоў дзень за днём. I Раман паступова прывыкаў да свайго становiшча. Iншы раз задумваўся. Прыходзiла жаданне ўцячы, але Надзя, якую ён цяпер любiў яшчэ больш, i дзiця, якога чакаў, сцiралi такое жаданне. Ён нават не заўважаў цiкаўных i не вельмi спагадлiвых позiркаў сваiх таварышаў па рабоце. На дзяўчат не звяртаў увагi, не адказваў на iх жарты, бо Надзя не цярпела гэтага. Яе часамi ахоплiвала нейкая хваравiтая рэўнасць. Надзя без прычыны накiдвалася на Рамана нават тады, калi яму прыходзiлася пазней вярнуцца з работы. Ён у такiх выпадках быў удзячны Калiнiсе, якая заўсёды заступалася за яго.

Аб тым, каб схадзiць у клуб на танцы або ў кiно, не магло быць i гутаркi. Надзя не хадзiла нiкуды сама i не пускала яго.

А жыццё на Калiнiшыным хутары iшло сваёй дарогай. Раман нават не спрабаваў павярнуць яго ў iншы бок. Ён разам з жанкамi разводзiў брагу, гнаў гарэлку. Але калi аднойчы, стоячы каля самагоннага апарата, пакаштаваў першаку, то не паспеў абцерцi губ, як Надзя сказала яму:

- Калi гнаць самагонку i самому пiць, то на чорта яе гнаць.

- Я толькi пакаштаваў.

- Каштуюць языком, а не горлам.

Больш гаворкi не было, але Раман зразумеў сваё месца i хутка асвойваўся з iм. Затое ў кожную нядзелю ў хаце было шумна i весела. Акрамя Мiкiты Бычка i Стася Парахнi прыходзiлi выпiвакi з iншых вёсак. Некаторыя куплялi гарэлку i iшлi дамоў, некаторыя пiлi на месцы. Такiх Раман любiў лепш. Варта было чалавеку выпiць шклянку, i ён ужо зваў Рамана:

- Эй, Калiнiшын зяць, iдзi сюды!

Раман для прылiку аднекваўся i да ночы набiраўся як туз. Ранiцай прачынаўся з хвораю галавой, якую свiдравала толькi адна думка: "Дрэнна... Дрэнна, Раман... Кiнуць трэба ўсё гэта..." У гэтыя хвiлiны ён адчуваў сябе такiм прынiжаным i няшчасным, што не хацелася жыць на свеце. Ён ненавiдзеў самога сябе. Страшней за ўсё было тое, што пачаў трацiць уласнае iмя. У вочы яго яшчэ клiкалi Раманам, а за вочы нiхто не зваў iначай як Калiнiшын зяць.