Читать «Калiнiшын зяць (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Аркадий Чернышевич

- Зiрнi, колькi ў нас сала.

I Раман зiрнуў. Кубел быў поўны.

- Гэты яшчэ не пачаты. А з гэтага бяром. - Яна адчынiла другi кубел. Бачыш, яшчэ i паловы не з'елi.

"У гэтай хаце з голаду не памрэш", - падумаў Раман.

- А вунь, бачыш? Каўбасы i кумпякi! - яна паказала ўгору.

Ён задраў галаву i пачаў лiчыць, колькi там гэтых каўбас i кумпякоў. Так i не падлiчыў, зблытаўся.

- Раман! - гукнула Надзя. - Кiнь лiчыць! Падыдзi блiжэй. - Яна з канiстры налiвала ў кубак нейкую вадкасць.

- Пакаштуй, Раман, - сказала яна, падаючы яму кубак.

- Што гэта?

- А ты пакаштуй! Напрацаваўся, бедненькi, а сёння ж нядзеля. Ну-у, Раман! Хiба ты не мужчына!

I Раман выпiў. А потым ужо ў хаце ён насiў Надзю на руках, абдымаў, прыцiскаў да грудзей i паўтараў бесперапынна:

- Жоначка мая дарагая... У нас дзiцятка будзе? Каго ты хочаш, сына цi дачку?

- Сы-ына, Рамано-ок!

- А я дачку.

Падвечар, калi Раман звалiўся на канапу i заснуў, у Калiнiшынай хаце амаль не зачынялiся дзверы. Калiнiха з Надзяй адмервалi з канiстраў i грэлак паўлiтроўкi i лiтроўкi, акуратна падлiчвалi выручку.

Раман прачнуўся на шарай гадзiне. У хаце ўжо гарэла лямпа. За сталом сядзелi двое: Мiкiта Бычок i Стась Парахня. На стале стаяла бутэлька самагонкi, мiска шаткаванай капусты i ляжалi гуркi.

- А-а! - прывiтаў яго Мiкiта Бычок, плюгавы чалавек з васпаватым тварам. Ка-алiнiшын зя-яць! Здароў, здароў!

Стась Парахня, чорны, як крумкач, з нейкай дзiўнай, падстрыжанай пад машынку бародкай, ужо налiваў шклянку.

- Што, Раман, блiжэй, блiжэй!

- Не хачу я, хлопцы.

- Што? Ну, Раман, чаго там? Садзiся! - з гонарам i строгасцю прамовiў Стась. - Я з тваёй цешчай даўно сябрую. Будзем сябрамi i з табой. Я рады, што ў гэтай хаце ёсць мужчына.

Стась Парахня, увогуле маўклiвы i пануры, выпiўшы чарку, рабiўся гаваркiм i кожны сказ пачынаў са слова "што".

- Што ў гэтай хаце ёсць мужчына... Што з iм можна пасядзець i пагутарыць. Што ты, брат, малайцом! - Ён падмiргнуў Калiнiсе - i на стале з'явiлася другая бутэлька.

- Што, брат, Мiкiта, плацi за сваю долю.

- Я? Я заплачу! У Мiкiты Бычка ёсць!

I Мiкiта засунуў руку ў кiшэню сваiх старых, мо сотню разоў латаных штаноў, абмацаў сваю бравэрку i нашкроб пяць рублёў.

- Што добра, то добра, - сказаў Стась Парахня. - На гэтыя бяром яшчэ чвэртку.

I на стале апынулася чвэртка.

Што было потым, Раман не ведаў. Ён толькi памятаў, што Мiкiта Бычок, гэтае паскудства, абiбок i злодзей, лез да яго цалавацца, абдымаўся i крычаў:

- Малайчына, Калiнiшын зяць! Ты не дурань. Н-не! Ты не дурань.

- Сынок, - сказала яму назаўтра Калiнiха, - у нас сена канчаецца. Папрасiў бы ты ў старшынi, каб выпiсаў якi цэнтнер.

Такая просьба не спадабалася Раману. Раней у хаце нiколi не было гутаркi пра сена. Аднак, iдучы дамоў, ён зайшоў у канцылярыю калгаса. Там, акрамя старшынi, нiкога не было. Пажылы, сiвавусы бухгалтар, не ўзнiмаючы галавы, нешта мармытнуў у адказ на прывiтанне Рамана. Старшыня, вiдаць, сабраўся некуды iсцi. Гэта быў чалавек гадоў сарака, нiзкi, але не тоўсты, вузлаваты i не надта рухавы.