Читать «Дамавiкамерон (на белорусском языке)» онлайн - страница 76

Адам Глёбус

- З заводам iмя Вавiлава?

- Iзноў перарываеш, - юнак удаў на рабацiнiстым твары грымасу крыўды, не з заводам, а з батанiчным садам. Сягоння сад не працуе, наведнiкаў няма. Я правяду Гомiка ў батанiчны сад, i там, каля азярца з лебедзямi, мы яго адмудохаем i адмяцелiм, казла дранага.

- Слухай, а батсад ахоўваецца мянтамi?

- Мусiць, ахоўваецца, адзiн мент на дзесяць тысяч дрэўцаў.

Старэйшы з братоў накiраваўся да аглядальнага кола, а малодшы - да скульптурнага аленя, дзе яго ўжо добра-ткi зачакаўся добразычлiвы Гомiк.

- А я захваляваўся, што не прыйдзеш, - Гомiкавы вусны заўсмiхалiся адасоблена ад вачэй.

- Прабач, кансультацыi зацягнулiся, абiтурыенты за адзiн вечар вырашылi даведацца пра ўсё, што не вывучылi за год. Але забудзем будзённае. Куды iдзём, Артур?

- Куды-небудзь найдалей ад пенсiянераў з унукамi.

- Я ведаю зацiшнае месца: вербы, стаў, лебедзi плаваюць...

- Як у Пiкасо: лебедзь з адлюстраваннем у вадзе нагадвае скарпiёна...

Гомiк з юнаком абмiнулi доўгi стол, за якiм атабарылiся шахматысты-аматары, i пайшлi тапалёвымi прысадамi да пляцоўкi з атракцыёнамi. Грукат, ляскат i вiскат - музычныя карцiнкi народнай весялосцi.

"Пахне чабор, пахне чабор... А вось арэлi стваралiся дзеля таго, каб хлопец мог усё ж зазiрнуць пад дзявочую спаднiцу", - падумаў юнак, калi выводзiў Гомiка на пустку.

- Тут ёсць патаемныя веснiцы для прыбiральшчыц, - юнак падвёў Гомiка да жалезнай брамкi, зачыненай на калок.

Па прысадах, абсаджаных маньчжурскiмi гарэхамi, юнак завёў новага знаёмага да штучна выкапанага стаўка, пасярод якога плавала лебядзiная хатка. Побач з хаткаю плавалi i лебедзi.

- Ну як табе, Артур, лебедзi?

- Хатка прыгожая, райскi востраў, а самi птушкi закажанелыя, вiдаць, што паланёныя, - Гомiк прысеў на лаўку, пастаўленую спецыяльна для любавання лебядзiным стаўком.

Юнак убачыў, як з-за кустоў шыпшыны выходзiць фiзкультурнiк, i стаў так, каб засланiць Гомiку птушыны дамок, i завiшчаў гнюсным голасам:

- Што, падла, згвалцiць мяне надумаў, асла ў парку знайшоў, я табе зараз кокi абарву, яечню падсмажу i з'есцi загадаю.

Юнак верашчаў так гiдка, што любы нармальны чалавек як мiнiмум адхiснуўся б ад слоўнага бруду. Але Гомiк зрабiў iншы жэст, ён хiтнуў галавою так, быццам уласным iлбом ламаў чужое пераноссе. Гомiк прыўстаў з лаўкi i развёў рукi так, нiбыта збiраўся зрабiць вертыкальны ўзлёт. Юнак адскочыў, бо ўбачыў у варожай руцэ вастрадзюбы шып сталёвага стылета.

- У яго швайка! - аселым голасам юнак папярэдзiў брата фiзкультурнiка, якi ўжо пачаў раскручваць над галавою роварны ланцуг.

Гомiк зрабiў рывок да юнака, паспрабаваў зачапiць стылетам ускiнутую руку, але ўспароў адно паветра. Затое змяя ланцуга хвостка абвiла свой хвост на запясцi, стылет праляцеў метраў з пяць i слiзгануў у траву. Вольнай, не схопленай ланцугом, рукою Гомiк зрабiў трапны ўдар па кадыку фiзкультурнiка. Той захапаў ротам паветра, не раўнуючы люстраны карп, нават вочы ў выкладчыка фiзiчных практыкаванняў пабялелi, як у дохлай рыбiны.