Читать «Дамавiкамерон (на белорусском языке)» онлайн - страница 77

Адам Глёбус

I тут здарылася непапраўнае, юнак, знайшоўшы ў траве зброю, падляцеў да байцоў i, укленчыўшы, увагнаў шып стылета ў Гомiкава пахавiнне.

- Ну як я яго трахнуў? - спытаўся атупелы юнак у пераляканага фiзкультурнiка.

- Гомiку ўсё адно... А што з намi будзе?

- Будзем жыць, як i раней жылi, - юнак выцягнуў з нябожчыка доўгi стылет.

LXVI. ДАМАВIК-7

Самотная жанчына вярталася з працы. Жыла яна ў шаснаццацiпавярховiку, на апошнiм паверсе, у аднапакаёўцы. Як i вядзецца, лямпачкi ў пад'ездзе скралi i паразбiвалi. Жанчыне давялося навобмацак шукаць лiфтавую кнопку. Нарэшце пластыкавы цылiндрык утапiўся ў адтулiну. У далёкай вышынi ляснула i заскрыгатала жалеззе. Цылiндрык налiўся сакаўным крывавым святлом.

"Невiдушчае вока маленечкага цыклопа", - спаэтызавала жанчына.

- Можа быць i такое параўнанне, - з цямрэчы загучаў нiзкi голас. - А можна iнакш, маленькi святлафор, якi забараняе дзецям уваход у свет жахлiвых дарослых казак. I ты, самотная жанчына, яшчэ паспееш уцячы на вулiцу. Голас насоўваўся i гучнеў. - Толькi з вулiцы, каб трапiць дамоў, давядзецца зноў вярнуцца ў пад'езд. А тут, у самым кутку, чакацьму я - Дамавiк.

- Мужчына, перастаньце хулiганiць. Калi выпiлi, дык лавiце сваю асалоду i цiхенька iдзiце прэч. Я не з палахлiвых кабетак, - яна выхапiла з сумачкi газавы балонiк.

- Дарэмныя намаганнi, - пад шум рассоўвання лiфтавых дзвярэй паўшчуваў Дамавiк.

Бляклае святло аблiло дзве постацi: акуратную жаночую ў дэмiсезонным палiтончыку i велiчную Дамавiкову ў скураным плашчы i чорнай фуражцы з кароткiм брыльком.

Жанчына ўскiнула руку i наставiла слёзатачывы пульверызатар у густабароды твар.

- Нават такога маленькага Бога, як Дамавiк, газ не бярэ, - ён стамлёна ўздыхнуў.

- Зараз пераканаемся, - непалахлiвая жанчына пусцiла газавы струмень у добразычлiвы твар.

- Ну, што я казаў? Толькi балонiк дарэмна скарыстала. Заходзь у лiфт. I без дурноты мне.

- Хто Вы? - ворашнасць ахапiла жанчыну, i мурашовыя натоўпы пабеглi па ахаладзелай спiне. - Газ! Ён павiнен быў Вас спынiць!

Рукi, забраныя ў скураныя пальчаткi, падштурхнулi яе да лiфтавае кабiны. Жанчына ад перапалоху раптам звяла. Ногi зрабiлiся не свае. Свет паплыў. Свядомасць выпарылася з цела i запырхала, замiтусiлася легкакрылым матыльком.

Дамавiк падхапiў непрытомнае цела пад пахi i зацягнуў у лiфт. На шаснаццатым паверсе ён паклаў жанчыну на гумовы ходнiк. Яна так i не ачуняла, пакуль Дамавiк ваяваў новенькай адмычкай з французскiм замком. Ён мог бы, вядома, дастаць сапраўдныя ключы з валiзкi ў самлелай гаспадынi, але браць чужое без дазволу Дамавiк не любiў. Нашто, зрэшты, праўдзiвы ключ, калi маеш унiверсальную адмычку, зробленую ўласнаручна? Раней яму даводзiлася насiць цэлую манiсту рознакалiберных ключоў, але пасля стварэння суперадмычкi патрэба ў манiсце адпала, як той хвост у паланёнай яшчаркi. Iнструмент устаўляўся ў замочную адтулiну i сам прымаў патрэбную форму i адсоўваў засаўкi. Дамавiк па праву ганарыўся сваiм вынаходнiцтвам, калi ўцягваў у кватэру непрытомную гаспадыню. Пакуль тая не вярнулася да памяцi, ён зрабiў экскурсiю па памяшканнях. Нiчога асаблiвага Дамавiк не адзначыў, адно спынiўся каля палiчкi з кнiгамi. Побач з камбiнатарычным дэ Садам там выструнiўся пункцiрны Батай, за iм раскiрэчаная тамiна "Кiтайскага эрасу", да якой тулiўся мiлы Бунiн са сваiмi "Цёмнымi алеямi", асобнiк Мiлеравага "Тропiка Рака" выглядаў нечапаным, як i ангельскiя папулярныя энцыклапедыi ў польскiх перакладах, фундаментальны "Дэкамерон" дэманстраваў перавагу перад "Гептамеронам". З палiцы Дамавiк узяў родную, зразумелую, блiзкую кнiгу "Легенды i паданнi" з серыi "Народная Творчасць", з яе i прачытаў у сто адзiнаццаты раз: "Жыў-быў у адной хаце вуж-Дамавiк. Гаспадар нiколi не крыўдзiў яго. Гаспадыня, падаiўшы карову, не прамiнала пачаставаць яго цёплым малаком. Ну а дзецi прымалi вужа-Дамавiка ў супольныя гульнi..." "Трэба i мне перахапiць нечага".