Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 16
Жорж Сименон
- Калi б гэта залежала ад мяне аднаго, я жыў бы тут увесь год. Але жонцы вёска не вельмi даспадобы, таму i жывём больш у нашым доме ў Кане... Цяпер яна вярнулася з Жуан-ле-Пэн, дзе адпачывала месяц з дзецьмi...
- Колькi гадоў старэйшаму?
- Пятнаццаць.
Партовыя служачыя глядзелi на машыны, што праехалi акурат мiма iх, з вiдавочнай цiкаўнасцю.
Неўзабаве пад'ехалi да мэравай вiлы. Стаяла яна каля дарогi на Лiён-сюр-Мэр. Гэта быў вялiкi дом, пабудаваны ў нармандскiм стылi. Вакол яго былi газоны з белымi агароджамi i фаянсавымi фiгуркамi звяркоў.
У вялiкай прыхожай гасцей сустрэла панi Гранмэзон, у сукенцы з цёмнага шоўку. Яна стрымана ўсмiхалася, як i належыць даме з вышэйшага свету. Дзверы ў гасцёўню былi адчыненыя. На стале было поўна лiкёраў i скрыначак з цыгарамi.
Усе добра ведалi адно аднаго: тут сабралася цяпер цi не ўся канская элiта. Служанка ў белым фартуху прымала палiто i капелюшы.
- Пан суддзя, вы напраўду не былi нi разу ў Вiстрэаме, хоць i жывяце ў Кане столькi гадоў?..
- Дванаццаць гадоў, панi... Бог ты мой, а вось i мадэмуазель Жызэль...
Да гасцей выйшла пакланiцца дзяўчынка гадоў чатырнаццацi, якая здавалася ўжо дзяўчынаю, асаблiва манераю трымацца, вельмi свецкай, як i ў яе мацi. Мiж тым пазнаёмiць Мэгрэ з гаспадыняю дома забылiся.
- Мяркую, пасля таго што вы ўбачылi, вы ахвотней вып'еце чарачку лiкёру, а не гарбаты... Трошкi каньяку, пан намеснiк пракурора? Ваша жонка ўсё яшчэ ў Фантэнбло?..
Гаварылi з усiх бакоў разам. Мэгрэ лавiў абрыўкi фраз.
- Не!.. Дзесятак качак за ноч - сама болей... Клянуся, зусiм не холадна... Будан уцеплены...
З iншага боку:
- ...вялiкiя маюць страты ад крызiсу ў фрахтаваннi?..
- Усё залежыць ад кампанii. Тут гэта не адчуваецца. Нiводнага судна не паставiлi на прыкол. Але дробныя суднаўладальнiкi, асаблiва тыя, у каго толькi маленькiя кабатажныя шхуны, ужо ў накладзе... Можна сказаць, у прынцыпе ўсе шхуны мэтазгодна прадаць: яны сябе не акупляюць...
- Не, мадам, - шэптам тлумачыў непадалёк пракурораў намеснiк. - Не трэба нiчога баяцца. Тайна гэтага забойства, калi яна iснуе, хутка будзе разгадана. Цi ж не так, пан камiсар?.. Але... Дарэчы, вас пазнаёмiлi?.. Камiсар Мэгрэ, адзiн з выдатных кiраўнiкоў нашай крымiнальнай палiцыi...
Мэгрэ ўсё роўна як застыў на месцы, твар у яго быў абсалютна абыякавы. Ён неяк дзiўна зiрнуў на Жызэль, якая падавала яму талерку з пiрожнымi.
- Дзякую, не трэба.
- Вы не любiце пiрожных?
- Ваша здароўе!
- За здароўе нашай мiлай гаспадынi!
Судовы следчы, высокi хударлявы чалавек гадоў пяцiдзесяцi, якi вельмi дрэнна бачыў, хоць i насiў акуляры з тоўстымi лiнзамi, адвёў Мэгрэ ўбок.
- Вядома, я даю вам поўную свабоду дзеяння. Але тэлефануйце мне кожны вечар i трымайце ў курсе. Што вы пра ўсё гэта думаеце? Забойства з мэтаю рабунку, праўда?..
I паколькi да iх падыходзiў Гранмэзон, ён загаварыў гучней: