Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 97

К Акула

На такiх заданьнях Джоў добра набiў сабе руку. У яго хапала вытрымкi, каб пераканаць якiх трэба людзей выканаць адпаведныя заданьнi, а пасьля не бракавала волi й настойлiвасьцi, каб давесьцi тое заданьне да жаданага канца. Дэталёвае й прадуманае плянаваньне, якое мела забясьпечыць посьпех акцыi, было спэцыяльнасьцю Снiкi Джова. Ён-жа даволi добра прыдбаў i тэхнiку ды сакрэты кансьпiрацыi.

Джоў Снiкi меў фiнансавыя ўклады ў некалькiх гэтак званых прагрэсыўных каапэратыўных бiзнэсах, грашмi надта не раськiдаўся, казаў, што пiць i курыць не навучыўся, жыў старым "бабылём". Многа чаго зьмянiлася. Адыйшлi, здаецца, у нябыт часы акцыi на "рабочым фроньце", дзе, як у трыццатых галодных гадох, ужывалася часта грубая сiла. Рэдка калi, як раней, плыла зьверху "баявая партыйная накачка", калi дзе грунт пад нагамi ў акцыi гарэў. Што-ж да кансьпiрацыi, дык яна мела, як казалi ў шэрагах "прагрэсывiстаў", сваю "закалку" i выпрабаваныя хамелеонскiя прыёмы. Праўда, калi Гузэнка выдаў у Аттаве гняздо савецкiх патрыётаў-шпiёнаў, тады былi павылазiлi наверх усялякiя буржуазныя гарлапаны, трэба было хвост падцiснуць. Цяпер-жа? Лiчыце, што тыя ранейшыя жорны для Джова малоць перасталi, бо акцыяў вялiкага маштабу няма. Праўда, рабiлi апошнiмi гадамi сёе-тое, як, прыкладна, праводзiлi сталiнскую кампанiю - "забаранiць атамную бомбу" (гэта тады, пакуль бальшавiком яшчэ не ўдалося ўкрасьцi ад Амэрыканцаў атамныя сакрэты), або кампанiю "за мiр" у сувязi з прыездам "чырвонага дыякана" Джансана з Кантэрбэры, каб выступiць на шматтысячным мiтынгу канадыйскага кангрэсу "за мiр". Ды ўсё гэта - дрэнь.

У сваёй працы для партыi Джоў радзей кiраваўся iдэёвымi матывамi чымся фiнансавым прыбыткам, або спадзяваньнем большае ўзнагароды ў будучынi, калi й Канада станецца "дэмакратычнай i сацыялiстычнай савецкай рэспублiкай". Адным словам, вы маглi-б назваць Джова зусiм практычным камунiстам. Уласьнiк гатэлю нiколi не адмаўляў Джову, калi ён хацеў на пэўны час адлучыцца "па задачы".

Аднаго дня нечакана Снiкi Джова наведаў ягоны стары супрацоўнiк Капшун, ды напрасiўся, каб пагаварыць зь iм сам-насам у якiм заднiм пакоi. Джоў адразу спанатрыў, што наклёўваецца нешта важнае.

- Маю адну задачу i патрабую тваёй помачы. Сядай, - пачаў Капшун, усеўшыся на канапе. Выцягнуў люльку й пачаў напiхаць яе табакай. - Я адразу, так сказаць, пра галоўнае. Дык вось, ёсьць чалавек, якога нам трэба неяк пераканаць, каб ён спынiў тое, што цяпер робiць. З прычынаў нашай будучай акцыi памiж Канадцаў i фашыстоўскiх ДП, гэтаму чалавеку трэба адабраць голас. Безь яго кiраўнiцтва змоўкне ўся фашыстоўская какафонiя. Што яшчэ важна дык гэта тое, што да голасу гэтага чалавека прыслухоўваюцца i некаторыя канадзкiя палiтыкi i капiталiстычныя падпальшчыкi вайны ды другiя рэваншысты супраць Савецкага Саюзу. Група беларускiх фашыстоўскiх дыпiсаў iдзе за iм сьледам. Ён - ня толькi iхны лiдар, але й натхненьне. Бачыш, ён ёсьць пiсьменьнiк i не такi пошлы. Магу табе сказаць, - прадаўжаў Капшун, задымiўшы табакай пакой, - што я адносна гэтага чалавека ўжо спрабаваў iншыя мэтады. Два разы мне ўдалося пазбавiць яго працы - першы раз выкiнулi з рэстарану, дзе пасуду мыў, а другi раз з гасьцiнiцы. Потым мы забясьпечвалi яго ўсякiм матар'ялам ад Мiхайлава. Ён ад нас меў выразныя сыгналы, каб перастаў хулiць на савецкую радзiму i не памагаў ейным ворагам тут за рубяжом. I нiчога на яго не падзеяла. Упартая сволач, прадаўжае сваё. А чалавек гэты вельмi працавiты, многа пiша. Зараз, мяркую, каб яму рот закрыць, мы павiнны ўжыць больш радыкальныя меры.