Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 95

К Акула

Павольна, як ачмурэлы, iшоў Алесь наверх па сходах. Нават не памятаў, калi адчынiў у сваю кватэру дзьверы. Паволi палажыў канвэрт на стол, выняў з халадзiльнiка пляшку пiва Молсан. Усё тое адбывалася марудна. I зрок дзяцюкоў цэлы час на канвэрце, быццам ён набiраўся адвагi, каб сустрэць той уструс, якi прынясе яму тое, што неўзабаве прачытае. Калi нарэшце дрыжачай рукой узяў нож, разрэзаў канвэрт i пачаў чытаць дрэнным чарнiлам напiсаныя на сшыткавай, у клетачкi, паперы няроўныя радкi, зьмест даходзiў да яго быццам з другога сьвету, з магiлы. Матка пiсала:

Мой дарагi сынок Алесь!

Зь вялiкай радасьцяй дазналася, што ты жывеш i добрае здароўе ў цябе. Часта малiлася за цябе. Здавалася, што цябе страцiла. Добрыя людзi памаглi мне знайсьцi цябе, Алеська мой дарагi. Цяпер я надта дзякую за гэта Богу. Слава Яму! Ты далёка ад мяне, але радасьць у мяне вялiкая, што ты жывеш i я знайшла цябе. Ад таго часу, як ты пакiнуў, у вёсцы многа чаго зьмянiлася. Многа людзей, каторых ты знаў, ужо няма ў жывых. Некаторыя загiнулi ў вайне з нашым агульным ворагам - германскiмi фашыстамi. (Тут матка назвала людзей, каторыя загiнулi, ажанiлiся цi пакiнулi вёску).

Дзякуючы вялiкiм клопатам нашай добрай камунiсьцiчаскай парцii i ўрада, я цяперака добра жыву, так як жылi гарбачы й кароткiя некалi. Помнiш? (Алесь памятаў дзьве шматдзетныя сям'i, каторыя пры польскай акупацыi былi вечна ў галечы, цешылiся, калi бульбiна была. Пры бальшавiкох iм не палепшала). Мой дарагi сынок! Я цябе вельмi люблю, - пiсала далей матка. - Ты так далёка ад мяне, але я буду Богу малiцца, каб Ён цябе нiдзе ў крыўду ня даў i каб ты здаровы быў i сваю матку помнiў. Я ня маю болей навiнаў, ну дык i канчаю. Прашу, напiшы да мяне, сынок, як жывеш i што ў цябе новага. Да цябе зь любоўю, твая матка Алена.

Гэная атака на яго, якую зьмясьцiла гадзюка-завяртанка, ды вось ад маткi лiст - гэта ўсё некiм скаардынавана. Матцы далi адрас. Нават стыль пiсьма ейнага, - ведаў матку Алесь добра, - чужы. Яна нiколi не сказала-б "загiнулi ў вайне супраць нашага агульнага ворага - фашыстаў", або "дзякуючы вялiкiм клопатам нашай добрай камунiсьцiчаскай парцii i ўраду". Гэта ўзята з простай прапагандовай брахнi савецкiх палiтрукоў.