Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 99

К Акула

Iдучы ўнiз, зь цячэньнем ракi, пiсьменьнiк прыйшоў да вялiкай дугi. У локцi ракi вада абмывала кучу валуноў i дробнага каменьня. Рукаво ракi тут пашыралася, хуткая плынь падмывала супрацьлеглы бераг. Крыху далей, у карэньнях дрэваў, вада звальняла ход. Быццам ногi вялiзных павукоў, карэньне дрэваў упiвалася ў пацямнелую плынь вады. Шпак меркаваў, што якраз там магло быць iдэальнае сховiшча для рыбы. Варта спрабаваць туды адну цi другую прынаду падпусьцiць. I доступ iз супрацьлеглага боку ракi быццам на заказ. Праўда, была адна небясьпека. Калi якая большая цаца, зачэпленая на кручок, пачне рабiць дывэрсiйныя ходы, можа заблытаць жылку за карэньне. Тады, - як канадыйскiя рыбакi кажуць, гут бай Чарлi, - страцiш i кручок, i рыбiну. Шпак добра ведаў рэакцыю рыбы, асаблiва хуткае, як маланкi, фарэлi, з балючым кручком у роце.

Шпак выбраў плоскi валун, добра расьсеўся й закiнуў кручок зь вялiкiм чарвяком на плынь. Прынада ўпала блiжэй таго нагледжанага месца й шпаркi струмень аднёс яе на мель. Пiсьменьнiк выцягнуў жылку з кручком i цяпер закiнуў далей. У першы дзень ранiцай злавiў паўтузiна вясёлкавых фарэляў. Найбольшы важыў менш кiляграму. Дрэнь. Рыбацкая iнтуiцыя падказвала, што тут павiнна быць шмат большая рыба. Трэба зноў спрабаваць. З гэтага стратэгiчнага месца вельмi лёгка было закiдваць вуду i таму Шпак цi раз быў рашчараваны, калi знайходзiў тут якога iнашага рыбака. Вялiзныя дрэвы па абодвух бакох ракi схавалi цябе, здаецца, ад цывiлiзаванага сьвету. Надзвычайная дзiкасць нагадвала яму Налiбокi цi Белавежу, - пушчы iм крыху зьведаныя. Шпак нават забаўляўся ўяўленьнем, што ён не за акiянам, а дзесьцi дома мiж свае цудоўнае прыроды. Перашкаджаў уяўленьню рэзкi голас люна-нурца, адсутнiчала клекатаньне бусла.

Аднае ранiцы пасьля лёгкага, амаль паўгадзiннага падарожжа ад Пайн Рыдж, Шпак рыхтаваўся на сваiм стратэгiчным месцы закiдаць вуду i марыў, што шчасьце ў выглядзе вялiзнага прыгажуна на кручку ягоным якраз зьявiцца сяньня. Абавязкава сяньня. Сонейка ўжо выглядала з-за кроны суседняга дуба, гарлапанiла весела птушыная грамада а булькатаньне вады ў рацэ дапаўняла раньнюю сымфонiю.

Павязло. Вясёлкавая фарэль, прыгажун, больш кiляграма. На пачатак нядрэнна. Задаволены пiсьменьнiк паволi зачапiў на кручок другога чарвяка, рука спрактыкаваным рухам закiнула яго цераз галоўны хрыбет цячэньня вады, падпусьцiла прынаду аж пад той бераг, дзе, - угадваў рыбак, - павiнны быць большыя цацы.

Аглянуўшыся, Шпак заўважыў чалавека, якi выйшаў з пушчы й наблiжаўся. Апрануты ў кашулю ў чорныя клетачкi, шэрыя флянэлявыя порткi, чорныя спартовыя чаравiкi, насунуты на лоб шэры палатняны брыль. Чалавек сярэдняга, прыблiзна Шпакавага росту, ён трымаў у правай руцэ таўстую бярозавую палку i, не даходзячы якiх крокi чатыры, спынiўся. Дробны прадаўгаваты твар, кароткi нос, вузенькiя вусны, пасiвелыя на скронях валосы. Шэрыя вочы пiльна ўглядалiся ў пiсьменьнiка.