Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн

К Акула

Приятного чтения!

Акула К

За волю (на белорусском языке)

Кастусь Акула

За волю

Раман

ХТО БУДАВАЎ, А ХТО ФАШЫСЬЦIЎ

Летась на Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкi ў Полацку каля Клiўленду, - фактычна сусьветнай сустрэчы, - пасьля развалу бэрлiнскай сьцяны, абвешчаньня "сувэрэннай" БССР, - калi "iмпэрыя зла" iдзе да канчатковага распаду, - бралi ўдзелу большым лiку i суродзiчы зь Беларусi. "Паяднаныя любоўю", - як пiсала менская газэта, сыны й дочкi "забранай зямлi" з цэлага сьвету знаёмiлiся, выступалi з прамовамi, паказвалi сваё сцэнiчнае мастацтва, сьпявалi i дэкляравалi сваю адданасьць iдэям адраджэньня, вольнасьцi i незалежнасьцi Беларусi.

Перадавая, патрыятычная, творчая, сумленная, працавiтая, гаротная Беларусь, каторая ў Бога верыць, клiча цяпер на помач у змаганьнi з духовым i экалягiчным чарнобылямi сваiх дзетак, што некалi пакiнулi раськiданыя гнёзды, або ўжо за межамi бацькаўшчыны радзiлiся.

На вялiкi жаль, беларускi народ мала ведае пра сваю эмiграцыю, каторая змагалася за вызваленьне Беларусi, у вольным сьвеце стварыла грамадзкiя, асьветныя i палiтычныя iнстытуцыi, прэсу, здабыла пэўныя посьпехi ў навуцы й лiтаратуры, аднавiла Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву i ўстанавiла беларускую душпастырскую апеку для каталiкоў. Пачынала гэтая эмiграцыя сваю працу пасьля Другой сусьветнай вайны зь нiчога. Яна была голасам паняволенага беларускага народу, намагалася разбудзiць абыякавы сьвет i паклiкаць яго на помач бацькаўшчыне, што стагодзьдзямi цярпела ў маскоўскай няволi.

Ведамыя так званыя "ворганы" - НКВД-КДБ, пад рознымi шырмамi, амаль на працягу сарака гадоў фашысьцiлi перадавым беларускiм дзеячом на эмiграцыi. Хвальш, паклёпы, шантаж, уключна з забойствам, - перадусiм-жа няспынная крывадушная прапаганда i запалохваньне раднi эмiгрантаў удома - вось была iхная галоўная зброя, каб паралiжаваць працу беларускiх эмiгрантаў.

Раман "За волю" дае чытачом пэўны вобраз з жыцьця ня толькi нацыянальна сьвядомае беларускае эмiграцыi, але й тых варожых сiлаў, што дзеялi сярод яе з загадаў калянiяльнага антыбеларускага рэжыму ў акупаванай Маскоўшчынай бацькаўшчыне. Спадзяемся,што ён у пэўнай ступенi таксама спрычынiцца да далейшага аб'яднаньня нашых суродзiчаў у iхнай працы i ахвярнасьцi для адраджэньня, вольнасьцi i незалежнасьцi Беларусi.

Беларускаму Харытатыўнаму Таварыству ў Лёндане дзякуем за фiнансавую помач на пакрыцьцё коштаў выданьня.

Выдавецтва "Пагоня"

БЕЛАРУСКАМУ НАРОДНАМУ ФРОНТУ, у працы i змаганьнi за адраджэньне, вольнасьць i незалежнасьць Беларусi, ПАМАЖЫ, БОЖА!

1

Час такi, - лiха на яго! - пропадам ты прападзi.

Пасьля найбольшага пралiваньня крывi ў гiсторыi сьвету, прыйшло жахлiва небясьпечнае напружаньне.

Пасьля надта гарачае вайны - халодная.

Пасьля Гiрашымы й Нагасакi - пагрозьлiвыя ценi будучых Чарнобыляў.

Час сьцiраньня сьлядоў старых i рост новых Курапатаў: - пашырэньне й паглыбленьне Гулагу.

Паралюш i прыблiжэньне хаўтураў застойна-забойчага каманднага рэжыму.

Глум слова Божага i слугаў Ягоных. Лiквiдацыя сьвятыняў Божых, разгульле бязглуздага атэiзму, народжанага марксiстоўскiмi нiкчэмнiкамi. Час грандыёзнай i ўсёабдымнай хлусьнi. Лiквiдацыя справядлiвасьцi й мiласэрнасьцi.