Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 96

К Акула

I матка ягоная ня з тых, каторая непатрэбна выстаўляла-бы каго зь сям'i цi блiзкай прынамсi раднi на небясьпеку. А якая тут была патрэба пiсаць да яго, Алеся, каторы аж за акiянам? Магчыма, як пiша яна, ня ведала цi жыве сын, пэўне-ж i аплакала была яго, мяркуючы, што можа загiнуў. Але-ж вось прынесьлi ёй радасную вестку, што, значыцца, сынок жыве i адрас далi. Узрадавалася, можа й ня верыла, пэўне-ж распытвала пра сынка, ды можа нiчога больш i не сказалi ёй, беднай i адзiнотнай! Адно загадалi лiст напiсаць, i дагледзелi, каб там i "савецкая радзiма" i "родная партыя" былi ў добрым сьвятле згаданыя!

Што Алесь мае цяпер рабiць? Цi выслаць ёй, гаротнай, якiя харчы цi вопратку? А калi што й вышлеш, дык хто гарантуе, што паразiты "роднапартыйныя" не ўкрадуць i не спажывуць? Цяпер яна паўстала перад сынам у поўнай сваёй каханай мацярынскай велiчы, ейныя мазольныя i парэпаныя далонi рук выцягнутыя да яго праз акiян: "Сынок дарагi, мiлы мой! Люблю цябе! Трымайся! Бог з табой!"

Камяк сьлiны цi чаго там засеў у Алесевым горле. Першы раз на працягу многiх гадоў ён страцiў сваю, так цяжка некалi выпакутаваную кантролю пачуцьцяў. Некуды зьнiк той вартавы iнтэлектуал, сьлёзы засьцiлi вочы. Што цяпер? Для бясьпекi маткi замоўкнуць, спаралiжаваць сябе, далучыцца да тых "тараканоў у саладусе", каторыя ўжо дарабiлiся ў гэтай вялiзнай i багатай краiне ды ўжо "вачуюць тэлевiжан"? Не! Маскоўскi мядзьведзь свае ахвяры на волю ўсёроўна ня пусьцiць.

Няма нiдзе, мабыць, формулы для разьвязкi такой сытуацыi, у каторай Алесь апынуўся. Зiрнеце: з гэтага боку сонца зьзяе, людзi штодня завiхаюцца каля сваiх заданьняў, працаў, абавязкаў, што прадназначыў iм iхны лёс i Стварыцель. I бальшыня гэтых верыць, што на сьвеце ёсьць справядлiвасьць, таксама як i рацыянальнасьць, i мiласэрнасьць, i любоў... З таго боку балянс страцiўся кагадзе на карысьць пекла. Яно над усiм i ўсюды дамiнуе. Людзi зрабiлiся рабамi, паўзунамi, нават i тыя зь iх, што некалi лётаць маглi. Цяпер усе яны поўзаюць, душацца, цiснуцца, i лiжуць чэрцям спаскуджаныя азадкi. А ўсёроўна няма для iх нiдзе й нiякай любовi, нi лiтасьцi, нi спагады, нi спачуваньня, бо ненасытны Молах-тытан мадэрны патрабуе бязьмежнага лiку ахвяраў i таму растаптаў iх, у вечную краiну нянавiсьцi й гвалту зацягнуў, ды на самага Бога замахнуўся.

32

Снiкi Джоў быў адным з тых бясколерных людзей, сустрэўшы якога, iм не зацiкавiшся а ня тое, каб зiрнуў ты на яго лiшнi раз. Ён мог лёгка i незаўважна зьнiкнуць-растаяць у гурце. I выглядаў нявiнным, няздольным нiкому нiякае вады замуцiць. I з выгляду цяжкавата было ацанiць ягоны век.

Некалi падчас тутэйшае вялiкае эканамiчнае дэпрэсii ў трыццатых гадох гэты мужчына быў вельмi актыўным, называўся ў камунiстычным жаргоне палявым арганiзатарам. Цяпер Джоў Снiкi працаваў клеркам-ураднiкам у другараднай гасьцiнiцы. Ды гэтая няцiкавая клеркава функцыя ня вычэрпвала яшчэ даволi поўнай фiзычнай энэргii Джова. Уласьнiк гатэлю, каторы сам быў зьвязаны з рознымi чырвонымi франтавымi арганiзацыямi, добра ведаў i iншыя заняткi Снiкi Джова, ранейшыя i цяперашнiя. Бывала, падчас галодных трыццатых, возьмуць камунiсты на прыцэл пэўную тэрыторыю цi варожую палiтычную групу мiж рабочых. Джова вышлюць "у тэрыторыю" з заданьнямi апэратыўнага адзьдзелу. Ён паедзе, правядзе грунтоўную разьведку, ацэнiць, агледзiць, заплянуе ды вызначыць адпаведных людзей на франтавыя пазыцыi з адпаведнымi заданьнямi. Сам Джоў застанецца ззаду, у засенi, адтуль будзе наглядаць i кiраваць адпаведнай акцыяй.