Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 94

К Акула

Сумлевы, сумлевы, пытаньнi... Вось i будзь тут разумным. З усiх бакоў розныя прарокi, разумнiкi i дагматысты прапаведуюць i навучаюць адзiнаправiльнае. А спрабуй тую запраўдную праўду вывалачы з гораў хлусьнi. I найгорш, калi замiнае прывязанасьць да каханага чалавека з аднаго боку i дагматычная паганяка зь iншага.

Тымчасам Алесь прадаўжаў:

- Мне здавалася, што гэтыя чэрцi пакiнуць нас у супакоi, што будуць прадаўжаць душыць i мардаваць тых, каторыя ў iхных д'ябальскiх лапах. Ажно не. Выглядае, што яны спакойна ня могуць мардаваць i вынiшчаць мiльёны нявiнных людзей, калi ведаюць, што некаторыя з вызначаных iмi ахвяраў высьлiзнулiся зь iхных, закрываўленых нявiннай крывёй, пальцаў, што яны трапiлi ў вольны сьвет ды расказваюць вялiкую iжахлiвую праўду пра найбольшы сатанiнскi рэжым, што пагражае ўсяму вольнаму сьвету.

- Мы-ж ёсьць вялiкай перашкодай на iхным шляху да панаваньня ўва ўсiм сьвеце. Перш за ўсё Голiкаў i ягоныя "ребята", пасьля вайны, старалiся нас палавiць, ганялiся, палявалi на нас па цэлай Эўропе. Амэрыканцы й Ангельцы памагалi Сталiнаваму энкавэдэшнiку Голiкаву. Самых Беларусаў паўмiльёна прымусова рэпатрыявалi й завязьлi ў лягеры сьмерцi на Сiбiр. Але ўсiх нас не ўдалося iм загнаць на сьмерць. Тады яны намагалiся змусiць нас маўчаць, але, дзякуй Богу, бясьсiльнымi тут аказалiся. Вось чаму пастанавiлi мсьцiцца на нашай раднi дома, а сваёй гнюснай i пачварнай прапагандай ды шантажом зьнiшчыць нас маральна. Iм iдзе пра тое, каб i вольны сьвет паверыў, што мы - нявiнныя i прасьледаваныя савецкiмi агентамi выгнаньнiкi - зьяўляемся ваеннымi злачынцамi, якiх бальшавiцкая Масква хацела-б у свае рукi папасьцi. Цi-ж гэта табе няясна? Але, - няхай Бог мне сьветка, - цяперашняе нашае змаганьне з Маскоўшчынай - гэта адзiн i найважнейшы бой, якога маскоўскiя злачынцы ня выйграюць. Сьвет прачынаецца, працiрае свае вочы i праўда перамагае. За мiльёны вымардаваных нявiнных ахвяраў яны атрымаюць расплату.

Вера не пераставала дзiвiцца. Алесь зусiм зьмянiўся, яна нiколi яго такiм ня бачыла. Вось ужо, вiдаць, накiпела ў сэрцы ягоным. Бесьперапынна плыла хваля пагрозаў i пракляцьцяў на адрас нябачнага адсюль ворага. Ён, Алесь, вiдаць, забыўся ў сваiм пачуцьцёвым парываньнi, пад поўнай уладай нянавiсьцi да няпрысутнага тут ворага, што ягоная дзяўчына, якую кахаў, была гэтта пры iм.

- Так, вялiкi дзень расплаты прыйдзе. Будзе мiжнародны суд над злачынцамi, большы за Нюрнбэргскi, паняволеныя i пакрыўджаныя спагоняць сваё. А iх, злачынцаў, не на сухiх асiнах будуць вешаць. Не, я не пра нябесны страшны боскi суд гавару, а пра той, што адбудзецца тут на зямлi яшчэ пры нашым жыцьцi.

Алесь змоўк, пазiраў у вакно.

- Але-ж я загаварыўся. Усхадзiўся, узбушаваўся, усьпенiўся. Балiць, ведаеш... Дык знаеш што? Скончым, пойдзем павячэраем.

Вера ўстала i моўчкi пайшла за iм.

31

Падарозе з працы Алесь выцягнуў канвэрт iз сваёй паштовай скрыначкi, што пры дзьвярох у залi ўнiзу будынку. Танная папера шэрага колеру, у правым верхнiм куце канвэрту - тры савецкiя паштовыя маркi а пасярод акуратна выведзены лацiнскiм альфабэтам ягоны адрас. З задняга боку канвэрту - адрас ягонае маткi. Кроў хлынула ў скронi, Алесь дрыжэў. Што тут у яго ў руках? Колькi ён яе сьнiў, колькi малiўся за яе, ахвярную, разумную i гаротную матку, якая яго некалi натхнiла, перад якой вялiкую вiну чуў за тое, што яе там, у варожым прыгоне, пакiнуў... Ад часу, як яе пакiнуў, ня меў магчымасьцi даведацца цi яна здаровая, як жыве i дзе знаходзiцца. Але чаму яна рызыкуе з гэтым лiстом да яго? Цi-ж яна забылася, што сувязi з замежжам, нават калi там i радня твая, ёсьць злачынам паводле савецкага права? I самае найважнейшае: адкуль яна ўзяла ягоны адрас?