Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 93

К Акула

- Алесь, я ня ведала што думаць. Выбач. Я меркавала, што калi спытаюся ў цябе проста пасяброўску... Памятаеш, я-ж ужо пару разоў пыталася ў цябе, а ты проста адмовiўся што...

- Памятаю. Магчыма, што я зрабiў памылку. Але мяне жыцьцё навучыла не выварачваць наверх сваю душу для паказу. Цi раз ужо апёкся. Праўда, ня было такой важнай прычыны, каб табе не расказаць, хiба адна. Ты-ж падумай зь якога я сьвету: радзiўся пад чужой акупацыяй, а пасьля пад iншую акупацыю трапiў. Усюды з нас зьдзеквалiся, адныя хамамi абзывалi, быдлам рабочым, палянiзавалi, а iншыя, так званыя "вызвалiцелi", мiльёнамi ў калгасны прыгон заганялi а пасьля ў канцлягерах мардавалi. Вера, дарагая мая, цi ты ведаеш, што гэта значыць баяцца, рабом быць, асьцярожна ступаць, каб у якую пастку не папасьцiся? Цi ты ведаеш голад i холад, i запраўдны прыгон, дзе нават табе Богу малiцца забаранiлi i ўсiх сьвятароў вымардавалi, i нашыя сьвятынi i нацыянальныя помнiкi панiшчылi? А цi ты ведаеш, што ў савецкiх школах вучылi, каб дзецi даносiлi на бацькоў? У Маскве Паўлiку Марозаву, - каторы на сваiх бацькоў паклёпнiчаў i выдаў, - помнiк паставiлi. Як-бы ты чулася, каб табе загадалi на бацькоў i апякуноў даносiць? А цi ты ведаеш, што вырастае з тых юнакоў, якiм адабралi веру ў бацькоў, у Бога, калi людзi забудуцца пра любоў i мiласэрнасьць, калi iм загадваюць праклiнаць Бога, руйнаваць свае сьвятынi, апляваць усе хрысьцiянскiя традыцыi, а толькi паклёпнiчаць i ашукваць, i забiваць, i нянавiсьцю да iншых, з загаду так званае "роднае камунiстычнае партыi", жыць?

Вера маўчала, пазiрала на цяпер усхваляванага Алеся.

- I сьведамасьць таго, што ты маеш мiласьцi прасiць у запраўдных крымiналiстаў забiрае ад цябе апошнюю макулiнку чалавечае годнасьцi, якая ў цябе была. Так спакваля становiшся рабом, аўтаматам, маленькай шрубкай у вялiзнай i бяздушнай машыне. Ведаеш, што будуць таптаць цябе i глумiць, калi захочуць... Ты робiшся сабакам, якога нiхто не шкадуе. Спадчына рабства ратаваць самога сябе, не адкрываць сваiх ранаў. Самазахаваньне, самаабарона, вось што. Хто табой цiкавiцца? Ты, калi маеш выжыць, вытрымаць, дык павiнен закрыцца, забыцца пра свае раны й сум, i боль. Хто тут, у гэтым бiзнэсавым сьвеце, выцягне табе руку помачы? Iдзе проста пра тое, што калi акунешся ў эмоцыi, дык можаш раскiснуць, цябе можа вораг уджалiць. Вось чаму мой iнстынкт самазахаваньня замiнаў мне адкрыцца й расказаць табе пра сябе, калi ты прасiла. Занадта болю многа награмадзiлася, ня хочацца ранаў вярэдзiць. Так, лягчэй памаўчаць...

Алесь усё хадзiў па канторы. Вера нiколi раней ня бачыла яго ў такiм напружаным хваляваньнi. Не магла стрымаць свайго захапленьня гэтым чалавекам, яго шчырасьцю i красамоўнасьцю. I калi ня гэтым, дык чым больш мог ён даказаць сваю чысьцiню душы й цела, i свайго мiнулага? Але як вытлумачыць зноў тое-ж "я зьвярнуўся ў адпаведную ўстанову"? Цi-ж запраўды ён хадзiў дзесьцi нешта цi на некага даносiць? Можа ў яго спытацца пра гэта? Лепш, вiдаць, паўстрымацца. Бо што, калi...