Читать «Ратуючы Агасфера. Эсэ пра айцоў і дзяцей» онлайн - страница 9
Ольгерд Иванович Бахаревич
Калі Адольф пасталее, ён прыедзе ў вялікі, поўны яўрэяў горад і разгублена азірнецца вакол. Сталіца паставіцца да яго абыякава. Ён спужаецца сам сябе — і не будзе ведаць, каму тут кланяцца, у гэтым Садоме, дзе пануе “жыд”. Вена адштурхне яго, нібы гэта ён — чужаніца, а яўрэі тут — свае. Ён рэфрэнам падумае тое самае, што Багушэвічаў мужык — толькі іншымі словамі, на іншай мове:
Так і на гародзе: лебяда, крапіва, —
Толькі вырві рэпу, — дык зарастуць жыва,
Так як чорт насее! Ото ж так і людзе:
Тутэйшы загіне, дык вораг прыбудзе!
Калі Адольф вырасце, ён прыдумае, як адпомсціць Вене. А туды, дзе некалі закрываў вушы ад пісклявай нямецка-жыдоўскай скрыпачкі бедны Багушэвічаў мужычок, ён пашле незлічонае войска падуладных яму сталёвых жаўнераў. Туды, дзе “прыблудаў як чорт насеяў”, на Усход. І на Захад. І ў тысячы іншых месцаў.
…Але пакуль што сперматазоіды пана Алаіса Гітлера рухаюцца з хуткасцю 30 сантыметраў у гадзіну, і мухі над ложкам гудуць урачыстую ўверцюру да будучых падзей. Аўстра-Венгрыя ў гэты адказны момант — дзяржава, у якой на тэму “яўрэйскага пытання” спрачаюцца ўсе каму не лянота. Гэта імперыя з вельмі ліберальным для тагачаснай Еўропы заканадаўствам. У 1867 годзе імператар Франц-Іосіф даў народам імперыі Канстытуцыю — якая ўраўняла ў правах усе нацыянальнасці і рэлігіі. Кожны зрабіўся не толькі падданым, але і грамадзянінам — фармальна немец цяпер роўны не толькі венгру, але і чэху, харвату, украінцу, паляку, усе роўныя ўсім. У тым ліку яўрэі. Ад гэтага часу апошнія не зазнаюць ад дзяржавы ніякае дыскрымінацыі, але ад іх патрабуецца як мага хутчэйшая эмансіпацыя — яўрэі вітаюць гэтыя змены, яны прысягаюць імператару і робяцца шчырымі патрыётамі манархіі. У параўнанні з суседняй царскай Расіяй Аўстра-Венгрыя выглядае папросту раем, дзе вядуць рэй талерантнасць і мультыкультуралізм, правобразам Еўразвязу, агромністай выспай дэмакратыі на ўсходніх межах кантынента.
Але антысемітызм нікуды не падзеўся — наадварот, ён квітнее, паўсюдна ствараюцца арганізацыі з выразна антыяўрэйскім ухілам. “Яўрэйскае” пытанне дыскутуецца ў газетах і часопісах, у клубах і на публічных лекцыях, у піўніцах і ўніверсітэтах, парламенце і ў школах. Найлепшыя розумы і цёмныя сяляне — усе ломяць галовы над “яўрэйскім пытаннем”, якое трэба абавязкова вырашыць — але ў кожнага сваё рашэнне.
Адна за адной грымяць судовыя справы — там яўрэі здзейснілі рытуальнае забойства, там зноў “елі з кроўю мацу”, там скралі хрысціянскую дзяўчыну, там хлопчыка. Мясцовая паліцыя верыць чуткам, чым далей ад Вены, тым мацнейшыя стэрэатыпы, тым слабейшы закон. У самай гучнай з такіх сфабрыкаваных справаў — так званым “забойстве ў Ціса-Эслары” — толькі дзякуючы прыезду камісіі са сталіцы мясцовы яўрэй не быў адпраўлены на шыбеніцу па фальшывым абвінавачанні ў забойстве. Імператар незадаволены, яму патрэбная стабільнасць, але і ён вагаецца: абараняючы адных яўрэяў, ён дазваляе антысеміцкую прапаганду ў дачыненні да іншых. Свабода слова ў Аўстра-Венгрыі ўпершыню абарочваецца сваім іншым, брыдкім, бокам. Галоўныя палітычныя лагеры імперыі — манархісты, пангерманцы і лібералы — няспынна грызуцца паміж сабой, але ўсе яны адзіныя ў сваёй нецярпімасці да яўрэяў. Нецярпімасці расавай, інтэлектуальнай, палітычнай, рэлігійнай, сацыяльнай, нецярпімасці рознага градусу і рознага ўзроўню — але нават яна не змагла перашкодзіць каласальнаму прарыву яўрэяў у эліту аўстра-венгерскага грамадства. Вынік якога будзе назіраць у пачатку новага стагоддзя малады Гітлер.