Читать «Ратуючы Агасфера. Эсэ пра айцоў і дзяцей» онлайн - страница 10
Ольгерд Иванович Бахаревич
Чытаючы працы па гісторыі антысемітызму ў дунайскай манархіі, здзіўляешся найперш таму, як жа глыбока ён сядзеў у людзях той эпохі. Выглядае на тое, што быць антысемітам лічылася не тое каб доблесцю — але прыкметай нармальнасці, быць антысемітам значыла мець погляды, а погляды трэба паважаць. Пагатоў калі гэта погляды паважаных чальцоў грамадства, арыстакратаў, палітыкаў, інтэлектуалаў, навукоўцаў, людзей культуры. На антысеміта амаль нікому не прыйшло б у галаву паглядзець коса — хутчэй, яго б зразумелі і завялі б з ім дыскусію: як вырашыць гэтую праблему? Нярэдка ў такіх дыскусіях удзельнічалі і самі яўрэі — і даводзілі сваю патрэбнасць манархіі, сваю адданасць і лаяльнасць. Пакуль што дзяржава гэтага не аспрэчвала. Знакаміты бургамістр Вены Карл Люгер быў адкрытым, перакананым, закаранелым, пячорным антысемітам — а Вена пры ім зрабілася горадам, яўрэйскае насельніцтва якога ўвесь час узрастала. Парадокс толькі з сучаснага гледзішча…
Лятучы галандзец узяў на палубу Агасфера — а цяпер не ведаў, як высадзіць таго на сушу. Тангёйзер выйшаў з пячоры і зразумеў, што свет змяніўся. Словы, словы, словы. Музыка, якую немагчыма было выключыць. Опера, у якой ніхто не мог сысці са сцэны. Вальнадумцы і іншаверцы, Садом і Гамора, рэпа і пустазелле. “Мы” або “яны”.
6.
Ці былі антысемітамі гэтыя трое паважаных паноў? Ці ненавідзеў яўрэяў пан Рыхард, ці выпадкова ўклаў у вусны свайго героя-мужыка антысеміцкія клішэ пан Францішак, ці выхаваў у юдафобскім духу сына пан Алаіс — і ці магло ўсё стацца інакш, чым сталася?
І так. І не. Jain, як кажуць немцы.
Бясспрэчна, кожны з іх меў у той ці іншай ступені антысеміцкія схільнасці. Гэта не надта лёгка прызнаваць, але гісторыя даводзіць, што большасць еўрапейцаў-неяўрэяў таго часу была антысеміцкай. Як жыць зь Іншым? Тады гэтае пытанне несла ў сабе праблему з выразна негатыўным значэннем, а не з нейтральным. Іншы быў Крыўдай, і крыўдай вялікай — проста таму, што быў Іншы. Як падпарадкаваць яго, як зрабіць яго сваім — або, калі ён не паддаецца, як яго знішчыць? Такія пытанні не лічыліся нечым супрацьнатуральным — наадварот, добра пасавалі да навукова-тэхнічнага прагрэсу, а з ім — і да геапалітыкі. Тое, што Іншага можна проста пакінуць у спакоі, прыняць ягоную Іншасць і жыць з ім у згодзе, падалося б дзевятнаццатаму стагоддзю глупствам. Слабасцю. Адзнакай нацыянальнае імпатэнцыі і проста несучасным поглядам на рэчаіснасць.
Бо яны ж таксама лічылі сябе сучаснымі — гэтыя цёмныя і шчырыя людзі, памяць пра якіх дагэтуль узвышаецца над часам, як крыжы над іхнымі магіламі.