Читать «Ратуючы Агасфера. Эсэ пра айцоў і дзяцей» онлайн - страница 8

Ольгерд Иванович Бахаревич

Верш Багушэвіча, калі б яго пераклалі тады на нямецкую, упрыгожыў бы сабой “Новы музычны часопіс” узору 1850 году. Уяўляеце, якая ўсчалася б палеміка? Замест гэтага ён упрыгожыў сабой беларускі нацыянальны светапогляд: недавер да ўсялякіх “немцаў” са скрыпіцамі (нават калі яны французы або амерыканцы), непрыняцце ў свае шчыльныя шэрагі “жыдоў”, якія прыкідваюцца сваімі (нават калі яны і праўда маюць карані на гэтай зямлі), і ўсялякіх “рускіх” (нават калі яны палякі родам з Літвы) абвяшчаюцца нашай формай змагання супраць чорта мультыкультуралізму. Беларускі нацыяналіст дваццаць першага стагоддзя ўсё яшчэ з тугой глядзіць туды, у эпоху Багушэвіча, узіраецца ў абрысы памерлай вёскі і настальгуе па залатым веку парадку, дзе і праўда jedem было das Seine: мужыку, бабе, панам, цівунам, рускім, яўрэям і мусульманам, дзе ўсё было проста і дасканала як рэпа. А над усім гэтым кувае зязюля — і гучыць несмяротны Вагнэр з ідэальнага цела кітайскага смартфона.

Карацей, поўная какафонія.

5.

11-14 гадоў. Менавіта ў такім узросце арганізм мужчыны пачынае выпрацоўваць першую сперму. Падкарэнная залоза, ці чалясніца, і семявыя пузыркі, або семятокі, пачынаюць актыўна расці, а яечкі, яны ж ядры, назапашваюць будучы эякулят.

Такія вось чароўныя змены наспелі ў целе нікому не вядомага аўстрыйскага хлопчыка Алаіса Шыкльгрубера ў тым самым 1850-м годзе, калі цюрыхскі Вальнадумец паставіў кропку ў сваім смелым артыкуле.

Алаісу трынаццаць, ён бязбацькавіч і ходзіць у пачатковую школу ў вялікай вёсцы Шпітэль. Ужо ў наступным годзе ён пачне працаваць вучнем шаўца, потым пераедзе ў Вену, будзе шмат чытаць, пойдзе працаваць па фінансавай часці — і зробіць неблагую кар’еру правінцыйнага аўстрыйскага дзяржаўнага чыноўніка. Калі Алаісу споўніцца трыццаць дзевяць, “дзядзька” нарэшце зможа даць яму сваё прозвішча, у якім пісар зробіць памылку. Гітлер замест Гютлер.

Першая жонка пана Алаіса памрэ, і другая таксама, ён ажэніцца трэці раз — з уласнай пляменніцай. Улетку 1888-га, у прахалодзе вялікай вясковай хаты, якую ён нядаўна купіў, пад сімфанічны акампанемент працавітых мухаў, Алаіс запатрабуе ад чарговай жонкі чарговага выканання шлюбнага абавязку. Алаісу будзе сорак восем, жонцы — васямнаццаць. Сперматазоіды пана Алаіса Гітлера зробяць сваю справу, і Клара Пёльцль, пляменніца ўласнага мужа (нават у інтымныя хвіліны яна называе яго “дзядзя Алаіс”), а таксама яго былая служанка, народзіць сына. Дзіця назавуць Адольфам.

Калі Адольф падрасце, ён будзе слухаць Вагнэра і плакаць ад захаплення. Ён будзе хадзіць у оперу так, як фаны ходзяць на матчы ўлюбёнай каманды. Вагнэр перакуліць жыццё Адольфа. Вагнэр дапаможа яму адчуць сябе героем, адважным і бескампрамісным адзіночкам, рыцарам са сталёвымі нервамі і рамантычнай душой. Вальнадумцам, які скідвае з дэмана ягонае ілжывае покрыва. Урэшце — Месіяй, які прыйшоў, каб ачысціць свет ад варожай навалы.

Калі Адольф зробіцца чытачом (ён будзе чытаць апантана, усё, што трапіцца пад руку), ён возьме ў рукі брашуру Вальнадумца (свой скандальны тэкст Вагнэр пазней апублікуе ў выглядзе кніжкі). І ўпершыню задумаецца, у чым паратунак Агасфера.