Читать «Ратуючы Агасфера. Эсэ пра айцоў і дзяцей» онлайн - страница 11

Ольгерд Иванович Бахаревич

Сучаснасць — прывілей, які перадаецца з рук у рукі. Судзіць людзей мінулага паводле законаў цяпершчыны немагчыма. Толькі вось дзе межы, дзе заканчваецца мінулае і пачынаецца цяпершчына? Наколькі далёкае гэта мінулае? 1850 год — гэта далёкае мінулае? А 1888-ы? А 1933-ы? А 2017-ы?

Для таго, каб сёння прызнаць некага антысемітам, патрабуецца значна менш падставаў — і значна менш часу. З часам наогул такая штука — ён не мінае раўнамерна, гісторыя не адмервае этап за этапам сінхронна ва ўсіх кушлянах, шпітэлях, венах і цюрыхах свету. Кожны з нас жыве ў сваім часе — нехта ўжо ў будучым, а нехта яшчэ там, сярод дэманаў дзевятнаццатага стагоддзя. Большасць — у тым часе, у якім скажуць. Дзяржаве заўжды зручней трошкі адставаць ад часу — інакш яна рызыкуе дажыць да свайго канца.

Чалавек дзевятнаццатага стагоддзя быў больш адпаведны свайму часу, чым чалавек сённяшні. Жах прагрэсу толькі пачынаў набіраць хуткасць. Нам цяпер нават уявіць цяжка, якое павольнае гэта было жыццё.

Што да сённяшніх антысемітаў — яны ўсё яшчэ жывуць там, у часе Вагнэра, Багушэвічавага мужычка, у часы пана Алаіса. Яны выглядаюць злавесным анахранізмам, які смярдзіць смерцю і затхлаю пустатой. Але гэты анахранізм дае “простаму чалавеку” ілюзію спакою і парадку — таго самага парадку, які так горача адстойваў лірычны герой пана Б.

Ні для Вагнэра, ні для Багушэвіча, ні для Алаіса Гітлера антысемітызм не быў сэнсам жыцця. Ён быў самім іх жыццём, атмасферай, у якой яны жылі. А адносна іх біяграфій — толькі адным бокам іхных асобаў. Не апошнім, але і не вызначальным. Самі яны не былі крыніцамі антысеміцкіх ідэй і не былі іх свядомымі праваднікамі. Яны жылі ў свеце, само паветра якога было прасякнутае варожасцю да яўрэяў — побытавай, прафесійнай, рэлігійнай або дзяржаўнай, якая розніца. Ім было наканавана кіпець у гэтым варыве і зварыцца ў ім зажыва.

Дзіўна, што Рыхард Вагнэр у сваёй вялікай аўтабіяграфіі ні разу не дазваляе сабе шчырага антысеміцкага выпаду. Яўрэі мільгаюць у ягонай кнізе сям і там — калі верыць успамінам, з многімі з іх Вальнадумец меў добрыя стасункі, некаторыя дапамагалі яму, а ён ім. І толькі калі Вальнадумец успамінае свой тэкст у “Новым музычным часопісе”, тон ягоны раптам змяняецца, а з вуснаў ляціць сліна. За той тэкст на яго, Вальнадумца, накінуліся ўсе газеты Еўропы, і гэтыя газеты, піша Вагнэр, былі спрэс у руках яўрэяў, і некаторыя з яўрэяў цкавалі яго да канца іх жыцця. А ўсё таму, крычыць Вагнэр, што ён сказаў праўду, праўду, праўду, усё таму, што ён напісаў сур’ёзны артыкул, не апускаючыся да падбухторвання супраць яўрэяў, напісаў артыкул пра музыку! Праўда і музыка: вось адзінае, што яго хвалявала, даказвае Вагнэр сваім сучаснікам.

Колькі тут асабістага і колькі — ідэалогіі? І ці можна тут іх наогул размежаваць? Пра французаў Вагнэр пісаў яшчэ горш, чым пра яўрэяў, — дык, можа, ён быў хутчэй франкафоб, а не антысеміт? Артыкул яўрэя Карла Маркса “Да яўрэйскага пытання”, які Вагнэр уважліва прачытаў і асэнсаваў, яшчэ больш антысеміцкі за Вагнэраў — дык, можа, вось хто быў настаўнікам Вальнадумца? А заадно і ягонага самага адданага слухача?