Читать «Ратуючы Агасфера. Эсэ пра айцоў і дзяцей» онлайн - страница 12

Ольгерд Иванович Бахаревич

Пан Алаіс Гітлер быў кепскім бацькам. Дзяцей ён бачыў рэдка — значна радзей, чым дно куфля або кілішка. А калі бачыў, быў з імі суворы, грубы, нешматслоўны і пагардліва-халодны. Ён не хацеў іх выхоўваць, ён зрабіў сваю справу: 0,1 см у секунду, 30 см у гадзіну. А больш за ўсё ён не хацеў у доме ніякіх герояў-адзіночак і вальнадумцаў. Ніякіх скрыпачак — скрыпачка добрая для шынка, але не для дому, ніякага малявання, ніякіх кніжак, апрача карысных. Ён, які выбіўся ў людзі, хацеў ад свайго патомства найперш нармальнасці, пакоры, законапаслухмянасці і працавітасці. Ён быў добры чыноўнік і верны падданы імператара Франца-Іосіфа — і законы імперыі, якія дала яўрэям роўныя правы з усімі, выконваў з усёй строгасцю. Дома і ў шынку ён сам вызначаў, хто яўрэй, а хто не. А на службе гэта вызначалі іншыя.

Ці быў антысемітам пан Францішак Б., сказаць цяжка — ва ўсялякім разе, калі й быў, дык не большым за тых, хто яго атачаў. Нянавісць аўтар аддаў герою — але сам не пэцкаўся. Дыстанцыя паміж аўтарам і героем у Багушэвіча наогул настолькі сцёртая, нібы гаворка ідзе пра наўмыснае стварэнне алібі. Сялянскі антысемітызм падаваўся паэту, відаць, не столькі прыродным, колькі апраўданым, вытлумачальным, вымушаным. Не яўрэі цікавілі пана Б. — а беларусы, і ўсё, што магло абгрунтаваць ператварэнне іх у нацыю, было прыдатным і важным. Мова, звычаі, тэрыторыя, гісторыя. Вера. Вераванні. Стэрэатыпы. Робячыся голасам таго, хто не можа гаварыць, пераймаеш усе “ўхваткі” — а інакш які сэнс? Вядома, што Багушэвіч пісаў артыкулы пра яўрэяў па-польску, але не яны зрабілі беларусаў тымі, кім яны ёсць. Прыгадваецца знакамітая Прадмова да “Дудкі беларускай” — ёсць там сказ, які гучыць крышку па-ксенафобску і таму камічна, бо сам тэкст наіўны і просты, а тут бач ты, мужыку ледзьве не паў-Еўропы ў прыклад ставяць.

“…Якаясь маленькая Булгарыя — са жменя таго народу, — якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя і ружны чужы зброд, жыды маюць па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць…”

Цікава, што прачытаць гэты пасаж можна па-рознаму. “Жыды” тут ці то асобна ад усіх стаяць: 1) пабратымцы 2) ружны чужы зброд 3) жыды — ці то “жыды” і ёсць “чужым збродам”, то бок не “пабратымцамі”. Але ўсё роўна яўрэі з іхнымі кніжачкамі і газетамі — гэта прыклад беларусам. Што гэта — варожасць? Або проста зноў водгулле яго — клятага “яўрэйскага пытання”? Ці звычайнае патуранне мужыцкім страхам і крыўдам?

Ад таго, антысеміты яны або не, гэтыя трое паноў, якія лічылі сябе добрымі хрысціянамі і сур’ёзнымі людзьмі, зменіцца не так шмат. Вагнэр застанецца аўтарам вялікай музыкі і рэвалюцыянерам у мастацтве, Багушэвіч — адным з заснавальнікаў Беларусі, першым паэтам нацыянальнай ідэі, пан Алаіс — бацькам д’ябла ў чалавечым абліччы, а насамрэч — звычайнага чалавека, народжанага жанчынай ад мужчыны. Пакінутага імі будучыні хопіць яшчэ надоўга. Мы сыдзем — а яны застануцца. Нават пан Алаіс, які вельмі не хацеў трапіць у гісторыю (а пагатоў у такую кепскую).