Читать «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”» онлайн - страница 91

Юлія Бібіла

Успамінаюцца жудасныя падзеі ваеннага часу! Ад агульнай і асабістай бяды сэрца кроілася ад болю. Вы працавалі ў “саратаўскім бюро газетных выразак” і мелі пад рукой вялікі асартымент друку і навін. Памятаеце нашы нявольныя сустрэчы ў чарзе ці на рынку? Бачу Вас заклапочанага ў шэрым кортавым адзенні, з гаспадарчай торбачкай у руках. Адыдзем куды-небудзь, каб не перашкаджаць натоўпу, і доўга не можам спыніць абмеркаванне падзей. А галоўнае, што там дзеецца на Беларусі? Неяк на душы святлее ад гутаркі з родным чалавекам. Заўсёды мяне прываблівала маладосць Вашай душы. Няхай яна заўсёды застаецца такой, нават пад цяжарам гадоў! З пашанай і шчырай прыязню Ю. Бібіла. Красавік 1970 г.”

Вучоныя ўніверсітета... Хто з іх не наведваў бібліятэку?! Паўстаюць у памяці некаторыя постаці.

З захаванай смяшынкай у вачах І. Замоцін, спрактыкаваны лектар. Рыхтаваў да друку творы М. Багдановіча і прыцягваў да гэтай працы сваіх вучняў-студэнтаў. З пяшчотнай ухмылкай М. Піятуховіч, выкладчык беларускай літаратуры. Метадыст А. Вазнясенскі цікавіўся творамі Я. Купалы, беларускім тэатрам. Я. Барычэўскі, захоплены фармалістычнымі плынямі. Неяк, калі ён рыхтаваў кнігу “Тэорыя санету” (1927 г.), чытаў рукапіс сваёй працы і прасіў дапамагчы даслоўна перакласці на беларускую мову адзін з санетаў А. Міцкевіча.

Мужная постаць Я. Лёсіка, добрага прамоўцы, аўтара граматыкі. Нізенькі, маленькі “дыялектык” С. Вальфсон. Кудлаты сацыёлаг С. Кацэнбоген. Колькі нерваў папсаваў ён бедным студэнтам! Гісторык Д. Жарынаў. Між іншым, ён у сціслым гуртку знаёмых чытаў свае вершы. А. Савіч - даследчык гісторыі Беларусі ХУІ - ХУІІІ стст. Засяроджаны, няўважлівы да навакольнага У. Перцаў.

Гебраіст М. Нікольскі з барадою прарока. Яго цікавыя лекцыі цяжка было слухаць, трэба прывыкнуць да нечаканых узлётаў яго голасу. Фізік Я. Успенскі заўсёды заклапочаны, перагружаны ўсякімі парадамі.

Гісторыяй беларускага мастацтва, скарыніянай займаўся М. Шчакаціхін. Чорная аправа акуляраў, нязменная цыгарка, прыгожа аздоблены кіёк. Для таго часу выгляд меў трохі зухаваты. І. Сіманоўскі ўспамінаў, што калі М. Шчакаціхін прыехаў у Мінск і не было, дзе прыпыніцца, начаваў на доўгім стале ў беларускім аддзеле.

Студэнты з краязнаўчага ўніверсітэцкага таварыства А. Каваленя, С. Шутаў, С. Баркоўскі.

А нізенькі, вусаты музыказнаўца Ю. Дрэйзін. Яго густы, з выразнай дыкцыяй, голас і добрая беларуская мова напаўняла залу, нібы тут адбывалася лекцыя на музычныя тэмы. Залятаў часам імклівы Галубок у прамежку між сваімі падарожжамі. Мы хутка рыхтавалі і давалі яму патрэбную даведку, і ён зноў знікаў. А рэжысёр тэатра Е. Міровіч! Як цікава было слухаць яго імправізацыі будучых тэатральных паказаў! Наведаў бібліятэку і бацька Максіма Багдановіча Адам Багдановіч, калі прывозіў у Інбелкульт рукапісы сына. Успамінаецца вусаты твар і высокая хударлявая постаць.

Частыя госці - палымяныя краязнаўцы: архівіст М. Мялешка, этнограф А. Шлюбскі і таленавіты даследчык, няўрымслівы М. Каспяровіч.

С. Некрашэвіч, шукальнік трапных слоў, аўтар беларускіх слоўнікаў.