Читать «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”» онлайн - страница 89

Юлія Бібіла

Хто ж нашы наведнікі? Агульная чытальная зала павінна была забяспечваць чытачоў і беларускай кнігай. Да нас жа, у беларускі аддзел, заходзілі навуковыя працаўнікі, настаўнікі - наогул, тыя працаўнікі на ніве беларускай культуры, хто паглыблена цікавіўся асобнымі пытаннямі літаратуры, мастацтва, гісторыі, эканомікі, прыроды роднага краю.

Дасягненні бібліятэкі радавалі, і за імі са спагадай сачылі і дзяржаўныя дзеячы. З цёплым пачуццём хочацца ўспомніць А.Р. Чарвякова, старшыню ЦВК БССР. Вядома, яму быў добра знаёмы няўрымслівы, апантаны наш дырэктар, але ён ведаў і іншых працаўнікоў бібліятэкі. Так, у 1936 годзе, калі наведаў нашу рэспубліку старшыня ЦВК Башкірскай АССР, А. Чарвякоў разам з ім завітаў у бібліятэку. Трэба было бачыць, з якім веданнем справы ён тлумачыў госцю ў беларускім аддзеле пра задачы аддзела і нават сам мяне адрэкамендаваў, як самую “старую” працаўніцу бібліятэкі. Гэта ж трэба было сярод паважных дзяржаўных спраў захаваць у памяці такую дробязь!

З вялікай цікавасцю і хваляваннем чытаю артыкул У. Якутава пра А. Чарвякова (“Полымя”, 1971, № 5). Артыкул напісаны не толькі на основе сухіх дакументаў, але адчуваецца цёплая нота людзей, асабіста ведаўшых гэтага выдатнага чалавека.

І прыпомніўся мне трагічны дзень ліпеня 1937 года, калі абляцела трывожная вестка, што няма ўжо А. Чарвякова. Гроб з целам быў пастаўлены ў Клубе савецкіх служачых, і пацягнуліся чэргі ўсхваляваных людзей, каб развітацца з ім. Але не ўсім удалося трапіць, бо праз некалькі гадзін доступ быў спынены. Не трапіла туды і я, але калі праязджаў просты гроб па Лагойскаму (Бязбожніка) завулку каля нашага дома на Вайсковыя могілкі, мы далучыліся да тых нямногіх, хто праводзіў у апошні шлях такога вядомага чалавека. Аднак, адвагі хапіла толькі, каб прайсці за труною па тратуару да варот могілак. А душу ахапіла трывога.

Не абмінаў нас і народны камісар асветы У. Ігнатоўскі. Памятаецца майская ўрачыстасць і У. Ігнатоўскі на ганку бібліятэкі. Са мною завязалася нейкая вострая гутарка. Тэма не захавалася ў памяці, толькі праз гады так, здаецца, і чую спакойныя словы і бачу павольныя рухі У. Ігнатоўскага. А мой ваяўнічы запал знік.

Успамінаецца і другі нарком асветы - А. Баліцкі. Перада мною фатаграфія 1926 года. Крым, Ялта, дача былога царскага міністра Сазонава - гэта Дом адпачынку настаўнікаў Беларусі. А. Баліцкі разам з т. Стасевічам, сакратаром Аршанскага райкома партыі, адпачывалі ці то ў Місхоры, ці ў Гаспры. Надумаліся яны наведаць сваіх землякоў-настаўнікаў. За сталом з бутэлькамі масандраўскага і сакавітымі чарэшнямі адбылося знаёмства. А. Баліцкі мне сказаў, што добра мяне ведае і прозвішча Бібілы таксама, але што гэта адна і тая ж асоба толькі цяпер даведаўся. Было смеху!

Старшыня Савета народных камісараў М. Галадзед не раз прысылаў сваіх сакратароў у аддзел. Яму можна было даваць усё без халадку ў душы: “Апошняе... Ці атрымаеш назад?” Усе ўзятыя кнігі прыносіліся нам у поўным парадку.

Успамінаецца яшчэ адзін зацікаўлены прыхільнік Бібліятэкі, які аддаваў ёй шмат увагі і дапамагаў, чым мог. Пра гэта не раз давялося чуць ад І. Сіманоўскага. Гутарка ідзе пра рэктара Універсітэта У.І. Пічэту. Ён часта бываў у беларускім аддзеле. Ветлівы, далікатны, без зазнайства, умеў пажартаваць. Заўсёды некуды спяшаўся, толькі развяваўся чуб. З У. Пічэтам апошні раз я спаткалася ў 1946 годзе, калі ён прыязджаў у Саратаў у якасці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Б. Грэкава. Хаця шмат гадоў мінула, ён мяне пазнаў і распытваў пра лёс сваіх вучняў, быў вельмі ўсхваляваны. Я. Дыла мне гаварыў, што ён таксама тады спатыкаўся з Пічэтам у гасцініцы. Абое былі вельмі ўзрушаны і праслязіліся.