Читать «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”» онлайн - страница 95

Юлія Бібіла

Сваім чалавекам быў І. Барашка, на той час - супрацоўнік архіва. Вельмі каштоўнымі для нас былі яго падарункі - спісаная ў макулатуру папера, на адваротным баку якой можна было пісаць. Каштоўны дар!..

Заходзілі Я. Пушча, студэнт універсітэта, прыгожы з антычным тварам М. Грамыка. З “заходнікаў”, якія трапілі ў БССР, помняцца: круглатвары А. Салагуб і далікатны У. Жылка. Са студэнтаў - часты госць С. Баркоўскі, які любіў корпацца ў розных картатэках. Працаўнік сельскай гаспадаркі (не памятаю прозвішча) зацікавіў мяне сваімі пошукамі кармавога “салодкага” лубіну. Калі скончылася праца ў бібліятэцы, мы выйшлі разам, і доўга ён мне гаварыў пра сваю ювелірную работу, якой ён з натхненнем займаўся.

Колькі іх было! А ці многа засталося? Шмат каму, хто прыйшоў у бібліятэку шукаць дапамогі ў сваёй працы, хацелася падзяліцца сваімі пошукамі, вынікамі і нават задумамі, калі бачылі спагадныя адносіны і жаданне дапамагчы. Мы адчувалі вялікае задавальненне, калі чалавек знаходзіў тое, што шукаў, калі мы яму нечым дапамаглі.

Падрыхтоўка да друку і каментары Таццяны КЕКЕЛЕВАЙ і Арсеня ЛІСА.

Аўтарскі правапіс захаваны