Читать «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”» онлайн - страница 90

Юлія Бібіла

Нельга не ўспомніць Язэпа Лявонавіча Дылу, зацікаўленага прыхільніка бібліятэкі і частага наведніка. Шмат яго кніг з ініцыяламі Я.Д. стаяла на нашых паліцах. Неспакойны, заўсёды чым-небудзь захоплены, ён шмат мне дапамагаў арыентавацца ў моры краязнаўчай літаратуры (можа, гэта ён нават сам не ўсведамляў). Цікавіўся гісторыяй, літаратурай, мастацтвам, кааперацыяй - наогул, усімі здабыткамі нашай культуры. З ім так цікава было пагаварыць! Гэта прага пазнання захавалася ў яго і ў 86-гадовым узросце.

Калі я яму паслала бібліяграфію “Русская дореволюционная книга о Белоруссии” (1964), ён адшукаў там кнігі, у якіх, паводле яго меркаванняў, можна было знайсці весткі пра “Слуцкі летапіс”.

У лісце да мяне з Саратава ад 19 красавіка 1966 года ён пісаў: “Не дае мне супакою “Слуцкі летапіс”. Гімназістам не то 3, не то 4-га класа пачуў я ад бацькоў, што ў бібліятэцы Траецкага манастыра, што ў нас у Слуцку, ёсць “Слуцкі летапіс”. Бібліятэка гэта знаходзіцца ў пакоіку, які змяшчаецца ў адной з двух званіц сабора манастырскага, што там жа зложаны старадрукі беларускіх друкарань, сабраныя з вуніяцкіх манастыроў і царквей, зачыненых у час скасавання вуніі”. Далей ён піша, што сам трымаў у руках “старэнькую ў вокладцы рукапісную славянскімі літарамі “Слуцкую летопись”. Я тады зрабіў сабе выпіскі, але нязначныя, і яны не захаваліся. Пра “Слуцкі летапіс” пісаў і А.К. Снітка”.

Гэты малады душою чалавек заслугоўвае ўдзячнай увагі сучаснікаў. У 1970 годзе ў сувязі з 90-годдзем Я. Дылы я паслала яму наступнае прывітане: “Але! Ці чуеце Вы, дарагі Язэп Лявонавіч, галасы сяброў? Гэта я, апантаны краязнаўца і кнігаед, з кім не раз спатыкаліся ў зацішку бібліятэчных сховішч яшчэ ў тыя, зацягнутыя смугой даўніны, 20-я гады. І якім не было Ваша чарговае, вольнае ці нявольнае захапленне: ці то кааперацыя, тэатр або праца ў Інбелкульце, не гледзячы на цяжар службовых абавязкаў, Вы выкройвалі час для азнаямлення з новымі выданнямі. Калі ўбачыш парожнія вітрыны кніжных навінак, так і ведай, што недзе сядзіць Я. Дыла, і толькі чуб відзён над стосам кніг.

Прага ведаць, што робіцца на роднай зямлі, ад якой няўмольны лёс Вас адарваў, жаданне “об’ять необ’ятное” прайшлі праз усе гады. Не так даўно па Вашай просьбе я накіравала Вам юбілейнае скарынінскае выданне і яго прадмовы.

Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! Няхай ён заўсёды астаецца сухім!