Читать «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”» онлайн - страница 88

Юлія Бібіла

Неяк дырэктар прывёў у аддзел чалавека з пашарпаным партфелем, не вельмі элегантна апранутага і адрэкамендаваў яго знаўцам старажытных моў і аматарам старадрукаў. Выгляд яго адпавядаў спецыяльнасці. Дырэктар дазволіў яму карыстацца старадрукамі, якія знаходзіліся ў аддзеле. Яны змяшчаліся ў невялікім пакоі за фанернай загарадкай.

Прайшло некалі дзён. У сваё дзяжурства я не спатыкала гэтага чытача. Пытаюся ў супрацоўніка, ці бывае гэты знаўца. Ён кажа, што наведвае, але не затрымліваецца доўга.

Я вырашыла праверыць, у якім стане знаходзяцца кнігі, якія праглядаў чытач. Мабыць паблытаў - думаю. І вось ... ледзь не звалілася з паліцы, так усхвалявалася. Там, дзе павінен быў стаяць каштоўны старажытны рукапіс, якім цікавіўся праф. В. Ператц, стаяла толькі абцягнутая скурай драўляная вокладка! Ліхаманкава перабіраю іншыя каштоўныя кнігі, але ці ж адразу выявіш, што яшчэ згінула?

Трэба зазначыць, што ў той час пры ўваходзе кантролю не было, і чытачы праходзілі з партфелямі.

А вось і чытач - лёгкі на ўспамін! Проста накіроўваецца да паліц, але я супыняю, прашу сесці і прапаную падаць на стол кнігі. Ён трохі бянтэжыцца, але садзіцца і скоса на мяне пазірае, няўважліва гартае паданыя кнігі.

На змену мне прыйшоў супрацоўнік, але я засталася чакаць, калі гэты “аматар” збярэцца выходзіць.

Калі ён нарэшце выйшаў за дзверы, я - за ім. Мне не хацелася пачынаць гутарку ў прысутнасці супрацоўніка.

- Аддайце рукапіс! - кажу.

- Вы гэта што? Што за абраза! Здзек!

- Аддайце рукапіс! А не - так пойдзем да дырэктара! Ідзіце наперад!

Відаць, мой выгляд быў такі ўзрушаны, а ў голасе гэтулькі злосці і метала,

што ён паслухмяна і пакорліва пакрочыў уперад.

Спускаемся па сходах, затым па адходнай сцежцы да Чырвонаармейскай вуліцы. Бачу на рагу міліцыянера.

- Вось паклічу міліцыянера, няхай ён разбярэцца!

- Не трэба! Не трэба! - просіць, аж рукі злажыў, і губы трасуцца. - Я - клептаман, лячуся ў Маскве ў прафесара. Магу яго адрас сказаць. Даруйце!

- Злодзей Вы і нягоднік! Вядзіце дахаты!

Пайшлі. Ён наперадзе, я - ззаду. Жыў ён недзе каля вакзала. Рукапіс быў знойдзен і яшчэ пачка кніг не толькі з аддзела, але і з неразабранай кучы, што ляжала ў карыдоры побач з канцылярыяй.

Дацягнуў мне гэты незадачлівы “спец” даволі важкую пачку да трамвая і ўсё прасіў, каб я не заяўляла ў міліцыю.

Аб гэтым здарэнні так ніхто і не даведаўся. Мне не хацелася псаваць кроў нашаму даверліваму дырэктару. Калі праз гады, прыехаўшы ў Мінск, я дала прачытаць дырэктару гэту “быль”, найбольш яго ўразіла слова “даверлівы дырэктар”.

Сшытак 16

Чытачы і прыхільнікі Бібліятэкі

Адчыненне Бібліятэкі было святам для беларускіх культурных сіл, якія групаваліся вакол Інбелкульту (пазней Акадэміі навук), Універсітэта, але не толькі для іх: партыйныя і ўрадавыя ўстановы таксама добра ведалі сцежку ў Бібліятэку! А настаўнікі, краязнаўцы!..