Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 9

Віктар Шніп

***

27.09.2015. Вечарам Максім пайшоў да сяброў і пакінуў на Люду і мяне сабачку Міёну. Напачатку яна была спакойная, а потым, калі заўважыла, што яе кармільца няма, пачала шукаць яго і скуголіць. На канапе, дзе спіць Максім, Міёна ўнюхала гаспадарскае адзенне. Доўга спрабавала ўзлезці туды, але так і не ўзлезла. Высака. Люда ёй дапамагла, і сабачка, лёгшы на Максімавы нагавіцы і рубашку, пачала іх вартаваць.

***

28.09.2015. Поўня — нанебны гадзіннік, на якім не кожны бачыць стрэлкі.

***

28.09.2015. Паглядзеў серыял «Есенин». Някепскі. Галоўнае — гучаць вершы паэта. Нам хаця б двухгадзінныя мастацкія фільмы пра Уладзіміра Жылку, Уладзіміра Дубоўку, Уладзіміра Караткевіча. Я ўжо не кажу, што трэба фільмы пра Купалу, Коласа, Багдановіча, Танка. Спадзяюся, што некалі будуць кінафільмы пра ўсіх лепшых беларускіх пісьменнікаў, але, на жаль, мы іх ужо не зможам паглядзець.

***

29.09.2015. У мінулую дажджлівую суботу патэлефанаваў кампазітар Эміль Наско і запрасіў на творчую вечарыну, якая сёння прайшла ў філармоніі ў Малой зале імя Рыгора Шырмы.

Пасля працы да вечарыны ў мяне было вольных паўтары гадзіны. Зайшоў у «Цэнтральны» ўніверсам, каб папіць гарбаты і з’есці пару канапак. Чарга была нядоўгай. Няспешна падсілкоўваючыся, узгадаў, што гадоў дваццаць таму мы з Людмілай мелі магчымасць пасяліцца ў гэтым доме ў чатырохпакаёвай камуналцы на пятым паверсе. Там жылі нашы сябры і яшчэ адна сям’я. Надумаўшы раз’ехацца, яны нам прапанавалі аб’яднацца з Людмілінай маці і жыць у адной кватэры. На той час у гэтым аб’яднанні было некалькі мінусаў. Першы — пяты паверх і няма ліфта. Другі — адчыніш фортку і свежага паветра не дачакаешся. Да ўсяго на праспекце стаіць бясконцы гул машын. Трэці мінус — пад кватэрай станцыя метро. Ну і самы маленькі мінус — жыццё з цешчай, якая, хоць і цудоўная жанчына, але яна даўно ўжо прывыкла жыць адна. Таму па суме гэтых прычын мы і адмовіліся ад пераезду на праспект...

У касе філармоніі, адстаяўшы пяць хвілін у чарзе, купіў білет на твор­чую вечарыну Эміля Наско. Канцэртная зала амаль была запоўнена. Так атрымалася, што побач сядзеў з мужам літаратуразнаўцы Лідзіі Савік і жонкай паэта-перакладчыка Рыгора Рымскага. Гучалі песні на словы Пушкіна, Лермантава, Твардоўскага. Найбольшую колькасць кветак атрымала спявачка Вольга Шаўчэнка. Цудоўная спявачка. Прыгажуня. Калі б быў у зале Сяргей Ясенін, думаю, ён бы адразу закахаўся ў яе, як у Айседору Дункан, і пасля вечарыны прызнаўся б у каханні. У выкананні харавой капэлы імя Рыгора Шырмы прагучала мая «Балада Рыгора Шырмы». Здаецца, някепскі твор атрымаўся. Потым кампазітар запрасіў на фуршэт. Я напачатку пайшоў, але праз пяць хвілін, пакуль збіраліся госці, не развітваючыся, уцёк, бо я не Ясенін...

***

30.09.2015. Маладзік, як восеньскі лісток, які не захацеў падаць на сырую зямлю...

***

30.09.2015. Ізноў будуць танцы. Танцы на граблях.

***

30.09.2015. Завечарэла. У скверы зажаўцеліся ліхтары, як закрасавалі. Адзін не запаліўся. Стаіць белы, як дзьмухавец.

Кастрычнік

***

1.10.2015. Удзельнічаў у чарговым пасяджэнні суполкі «Літаратурнае прадмесце». Збіраліся ў майстэрні народнага мастака Беларусі Івана Міско. Прысутнічала каля дваццаці жывых творцаў і паўтысячы мемарыялізаваных знакамітасцяў. Гаварылі пра прафесіяналізм у творчасці. Чыталі вершы, слухалі песні. У печцы гарэў агонь, які чакаў свайго часу, каб ператварыць у попел напісанае, але не дачакаўся. Патух, як памёр з голаду.