Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 7

Віктар Шніп

***

20.09.2015. Гаворачы пра жыццё-быццё, Ніл Сымонавіч паскардзіўся: «Пражыў 80 гадоў, дзіцячыя не лічу, а ні разу не быў на шашлыках. Усё працаваў і працаваў, як на катарзе. Іншыя на выхадныя за горад, а я дома ў кабінеце — то нешта пішу, то нешта рыхтую да друку. Словам, я не ведаю, што такое шашлыкі. Праўда, пра гэта асабліва не шкадую».

***

21.09.2015. Нярэдка даводзіцца чуць і чытаць пра беларускую мову: «З вялікім задавальненнем размаўляў бы, калі б усе вакол яе выкарыстоўвалі...» І мы чуем, і мы паўтараем: «Усе пачалі на роварах па горадзе ездзіць, і я пачаў!», «Усе пачалі татушкі рабіць на целе, і я зрабіў!», «Усе пачалі апранаць вышымайкі, і я апрануў!» І зусім не чуем: «Усе пачалі труціцца, і я атручуся!», «Усе пайшлі тапіцца, і я іду!», «Усе пайшлі вешацца, і я павешуся!» І ва ўсіх выпадках «усе» — гэта не ўсе, а толькі тыя, якія ствараюць міф, што яны прадстаўляюць усіх. Таму хачу паведаміць, што ўсе пачалі з задавальненнем размаўляць пабеларуску. Давайце далучайцеся да усіх, а то будзеце не ў трэндзе.

***

21.09.2015. Гаршкі, як званы з вырванымі языкамі...

***

22.09.2015. «У драматурга Дзялендзіка нядаўна чатыры кніжкі выйшла. Адна ў вашым выдавецтве. Тоўстыя, як цэгла! Выдайце мяне хаця б таўшчынёй з трунную дошку!» — кладучы мне на стол рукапіс, сказаў (ён так сябе называе) «літаратар сярэдняй рукі»...

***

22.09.2015. Вецер. У двары за першай апалай лістотай, як за мышамі залатымі, бегае малады чорны кот.