Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 11

Віктар Шніп

Ноябрьским утром, рано на рассвете

Уйду в страну, где тишь и благодать.

Но птахи малые, как будто дети,

Бессовестно продолжат щебетать

Возок, стуча, проедет по брустчатке,

Неспешно туча в вышине пройдёт,

И Бог — а он ведь женщина — рукой в перчатке

Мне по лицу, прощая, проведёт.

Прачытаў і ў думках сказаў: «Вельмі хораша.», а ўслух не паспеў, бо да нас забегла Міёна. На жаль, Георгій цяпер мала піша. Па некалькі вершаў у год. Новую кнігу з такімі тэмпамі давядзецца чакаць доўга. А «Ботиночек» магло і сёння не быць, калі б у лімаўскім артыкуле, расказваючы пра выступленне паэта на вечарыне ў Музеі Максіма Багдановіча, не прадставілі яго, як аўтара праекта «Фестываль аднаго верша», і больш да гэтага нічога не дадалі. Прачытаўшы гэта, Георгій вырашыў выдаць сваю кнігу.

***

6.10.2015. Мінулай ноччу на 91-м годзе жыцця памёр пісьменнік Алесь Савіцкі. Ганаровы грамадзянін горада Полацка. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся Алесь Ануфрыевіч 8 студзеня 1924 года. Гэта па пашпарце. А па-сапраўднаму — 8 студзеня 1925. У час вайны ён паправіў сабе дакумент, каб узялі ў партызаны. З 1942 года — партызан атрада «Смерць фашызму», з 1943 г. — камандзір падрыўной групы атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава на Віцебшчыне. У 1944—45 гг. удзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены. Пачаў пісаць вершы яшчэ ў партызанскім атрадзе ў 1943 годзе. Першае апавяданне «Рыбацкае шчасце» надрукаваў у 1948 годзе ў полацкай абласной газеце. Алесем Савіцкім напісана шмат цікавых твораў. Асаблівай папулярнасцю ў юных чытачоў карыстаецца аповесць-казка «Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка». Разоў дзесяць мне давялося выступаць разам з Алесем Ануфрыевічам. Памятаецца, як гадоў дваццаць таму мы з ім удзельнічалі ў вялікім пасяджэнні ў АН Беларусі, дзе ішла размова пра сучасную літаратуру. Выступаючы, Алесь Савіцкі не толькі называў імёны тагачасных маладых творцаў, а натхнёна па памяці цытаваў вершы. Тады ён прысутных добра ўразіў, калі прачытаў верш Анатоля Сыса, бо раней усе думалі, што Савіцкі ведае творы толькі тых пісьменнікаў, якія займаюць пасады і працуюць у рэдакцыях.

З Алесем Ануфрыевічам было добра пагаварыць пра цяперашняе жыццё, паўспамінаць пісьменнікаў, якія адышлі ў лепшы свет. З ім не адчувалася розніца ў гадах. Ён быў маладым сэрцам і душой.

***

6.10.2015. У бібліятэцы імя Цёткі ўдзельнічаў у адкрыцці фотавыставы Міколы Лінніка, дзе прадстаўлена 28 фотаздымкаў з маімі творамі з цыкла «Балады беларускага шляху». Гэта толькі дзясятая частка з балад, якія ў мяне напісаны. Мікола зрабіў мастацкія здымкі магіл, дзе пахаваны героі маіх твораў. Адкрыццё выставы пачалося з цудоўных песень у выкананні гурта Кацярыны Ваданосавай. Потым выступалі ўсе, хто жадаў. Асабліва прыемна было пачуць добрыя словы ад мастака Міколы Купавы. Дамоў вяртаўся з думкай, што напісанае мной усё-ткі некаму патрэбна.