Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 10

Віктар Шніп

***

2.10.2015. З сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзілі ў Пугачы.

Адведалі бацькоў на Ракаўскіх могілках. Восеньская лістота, як пясок...

Вянкі на свежых магілах, як незапаленыя кастры інквізіцыі...

Непадалёку ад помнікаў — падасінавік, як злеплены з пластыліну.

У Ракаве зайшлі ў краму, каб купіць атруты для вясковых пацукоў і мышэй. Няма. Нядаўна ўсю разабралі...

У Бузунах пустая буслянка на пазалацелым дрэве. Чорная, як згарэлая...

На палях стаіць кукуруза, як войскі, якім няма куды адступаць...

У Пугачах восень. Светла і сумна. Пахне бульбоўнікам і познімі кветкамі, назвы якіх я не памятаю.

Ад суседкі даведаўся: «Некалькі дзён таму на нашым перакрыжаванні загінуў Андрэйка! МАЗ з пяском урэзаўся ў ягоную машыну. Андрэйка быў харошым чалавекам.»

У хаце на стале ляжыць мая кніга «Заўтра была адліга». Ляжыць, нібыта яе тут нехта чытае.

Яблыкаў няма ні на яблынях, ні на зямлі. Сёлета наш сад адпачываў.

Прыляцела сарока. Села на плоце. Нібы пераканаўшыся, што тут свае, паляцела некуды.

Узаралі агарод. Дзядзька Толя вадзіў каня, а я хадзіў за плугам і, думаючы пра бацькоў, час ад часу чуў маміну просьбу: «Адпачні!»

Віця адрамантаваў варотцы. Бацькі былі б задаволеныя.

На лаўцы каля хаты сядзела сястра і парадкавала буракі і моркву. Хустка на ёй была завязана, як некалі ў мамы.

Вяртаючыся ў горад, я доўгі час у думках яшчэ быў у вёсцы. Там усё роднае.

***

3.10.2015. Зацьменне сланечніка.

***

3.10.2015. Патэлефанаваў Алесь Квяткоўскі. Папрасіў зайсці ў майстэрню пагаварыць. Алесь рыхтуецца да адкрыцця выставы «Пагоня на Грунвальд», прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння Кастуся Тарасава. Ідучы ў краму па корм для нашай сабачкі Міёны, заглянуў да сябра ў майстэрню. Алесь паказаў новую карціну «Чорны квадратасланечнік», якую стварыў па маім аднайменным вершы. Гледзячы на карціну, я пажартаваў: «Цяпер засталося толькі вуха адрэзаць!» «Не! Не буду рэзаць!» — усміхаючыся, адказаў Алесь і даў мне пачытаць кнігу «Ван Гог. Письма», што выйшла ў 1966 годзе ў выдавецтве «Искусство». Каб не забыцца, каму даў кнігу, Алесь напісаў маё прозвішча на сцяне майстэрні і адчыніў акно, праз якое я і пайшоў далей па справах.

***

3.10.2015. Слухаючы верш Іосіфа Бродскага «Не выходи из комнаты.», натхніўся на чатыры радкі:

Не прызнайся ў каханні, бо зробіш памылку,

І зашый сабе рот, і схавайся на небе,

Або ў вёску пустую ўцячы, нібы ў ссылку,

І жыві там сто год на вадзе і на хлебе.

***

3.10.2015. Вецер па полі гоніць апалае лісце, як Залатую Арду.

***

4.10.2015. На лаўцы каля пад’езда каштан, як няўдалы перапечаны калабок, які ўцёк з казкі.

***

4.10.2015. Ён быў спакойны, як кулямёт.

***

4.10.2015. Патэлефанаваў Георгій Барташ і выказаў жаданне паглядзець нашую сабачку Міёну. Праз хвілін дваццаць прыйшоў са сваёй кнігай вершаў і перакладаў «Ботиночки», якая некалькі дзён таму выйшла з друку. П’ючы гарбату, гаварылі пра будучую прэзентацыю і наогул пра паэзію. Я разгарнуў выданне і натрапіў на верш, які запомніўся з дня, калі Людміла пісала да кнігі прадмову: