Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 8

Віктар Шніп

***

24.09.2015. Працоўны дзень пачаўся з сустрэчы з Міхасём Казлоўскім. Ён з Маладзечна прывёз у падарунак сябрам вялікую валізу новых выданняў — сваю кнігу «Цяпло айчынных камянёў» і том «Выбраных твораў» Вольгі і Сяргея Сахаравых. Наклады невялікія — па сто асобнікаў. За свае грошы шмат не выдасі. Мяне асабліва парадавала кніга самога Міхася. У анатацыі напісана: «Вуліцы і дамы Маладзечна і Радашковіч, што памятаюць крокі вядомых пісьменнікаў і мастакоў роднага краю, гісторыя і жыццё насельнікаў невялічкай заходнебеларускай вёскі, літаратурныя партрэты знакамітых землякоў сталі галоўнымі героямі новай кнігі аўтара». Для мяне гэтая кніга будзе настольнай, бо яна пра мае родныя мясціны, пра маіх землякоў. Г артаючы выданне, падумалася: «Дзякуючы вось такім рупліўцам, як Міхась Казлоўскі, жыла, жыве і будзе жыць Беларусь!» Узгадаліся ягоныя словы, звернутыя да некаторых «добразычліўцаў»: «Калі не можаце нічым дапамагчы мне ў выданні кніг нашых славутых землякоў, дык хоць не перашкаджайце і, трымаючы ў руках зробленае мной, не кажыце: «Мы б лепей зрабілі!» Зрабіце! Буду толькі рады!»

***

24.09.2015. Еду ў тралейбусе з працы. Тэлефануе Леанід Маракоў. Цікавіцца, як набыць у выдавецтве сваю кніжку. Тлумачу і пытаюся: «Ты ж беларускі пісьменнік, а чаму ў фэйсбуку стаў пісаць па-руску?» — «Так мяне болей людзей чытаюць!» — адказаў Леанід. «Пачні пісаць па-кітайску і тады цябе паўтара мільярда змогуць прачытаць!» — сказаў я. Леанід прапанаваў пра ўсё гэта пагаварыць пры сустрэчы.

***

25.09.2015. Некалькі тыдняў таму з Людмілай быў запрошаны на тэлебачанне для ўдзелу ў перадачы «Дыяблог», якую сёння запісвалі ў студыі. Па нас дахаты прыехала машына. У «Дыяблогу» ўдзельнічаю другі раз, таму ведаю дарогу да тэлебачання. Шафёр жа не павёз нас простым шляхам па праспекце,

а, нібыта спецыяльна, паехаў па тых мясцінах, дзе мы рэдка бываем. Напачатку праехалі каля дома, дзе жыў Максім Лужанін. Узгадаліся гасцяванні ў яго. Потым каля Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, які мы з Людмілай у свой час закончылі. Мінаючы траўматалагічную бальніцу, узгадалася, як мы туды цэлы месяц ездзілі да сына, які ў школе на ўроку фізкультуры зламаў руку. Успаміны, на жаль, сумныя. Сустрэўшыся на тэлебачанні з Таццянай Сівец і Стэлай Чырковай, адразу ад іх ветлых усмешак, хоць на вуліцы і захмурэла, пасвятлела на душы. Пакуль я здымаўся, Людмілу ў грымёрцы рыхтавалі да запісу, а на вуліцы пачаўся дождж.

***

25.09.2015. «Дыяблог» пра літаратуру. У слове «дыяблог» ёсць д’ябал і Бог. У сапраўдных пісьменніках жыве і д’ябал, і Бог. Чаго болей? Каб ведаць, трэба чытаць...

***

26.09.2015. Амаль дваццаць гадоў, як пішу «Сабачыя гісторыі». Дапісаўся! Учора вечарам Максім прынёс маленькую аўчарку. Ноч прайшла спакойна...

***

27.09.2015. Праходзіў паўз Кальварыйскія могілкі. З дрэў злятае лістота, пакрываючы магілы залатым саванам. Адно старое дрэва, якое цалкам агалілася, стаіць, як вялізарны чорны помнік усім, хто пахаваны на Кальварыі...