Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 87

Віктар Шніп

На вуліцы было холадна, а ў зале цёпла ад зёлак Зоські Верас і паэтычных выступленняў. Калі закончылася святкаванне, госці яшчэ доўга не разыходзіліся, бо мелі магчымасць пазнаёміцца з фотавыставай Міколы Лінніка і Васіля Кузьмічкіна.

***

23.04.2016. У сваім жылым раёне сеў у аўтобус № 57, каб з’ездзіць у краму каля станцыі метро «Грушаўка». Еду. І раптам заўважаю, што навокал адны старыя гадоў за 80. Усе сівыя і са збялелымі тварамі. Падумалася, што я сярод мерцвякоў, якія ажылі перад Вербнай нядзеляй. На наступным прыпынку ў аўтобус зайшлі дзве дзяўчыны гадоў дваццаці ў кароткіх спаднічках, і старыя адразу ж зніклі з маіх вачэй.

***

24.04.2016. Да пустога вулля не ходзяць браць мёд.

***

24.04.2016. Марыя Вайцяшонак падарыла Людміле і мне кнігу вершаў «Тварам да зімы», якая нядаўна пабачыла свет. Творы нешматслоўныя, філасофскія і такія родныя-родныя, нібыта напісала іх мая старэйшая мудрая сястра. Цяпер на вуліцы дробны дождж, і мне хочацца на вуліцу, каб было як у вершы Марыі Вайцяшонак:

Пад дажджом лепей пад ліўнем ісці і ісці

і сама не ўбачыш што даўно плачаш.

***

24.04.2016. У свой час я пісаў нататкі для друку (і яны друкаваліся) пра пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў, якіх добра ведаў і любіў іх творчасць. Сёння знайшоў у камп’ютары сёе-тое з напісанага. Тут пра Анатоля Сыса і пра Алеся Асташонка.

«2005. .Пры жыцці Сысу задавалі шмат нечаканых для яго пытанняў. І сябры, і журналісты, і чытачы, і выпадковыя людзі. Не ўсім ён адказваў без выбрыкаў. А на пытанне: «Сыс, калі ты ўжо памрэш?!» — адказаў так, што ўзяў і. памёр. Праўда, і без гэтага пытання людзі паміралі і паміраюць, і мы ўсе некалі, як і Сыс, памром, бо ў кожнага свой шлях па гэтым свеце. Сыс свой шлях прайшоў так, як ён хацеў. Ён не шкадаваў сябе, і яго таксама мала хто шкадаваў. І вось таго Сыса, які многім не падабаўся сваімі паводзінамі, няма. І што? Нам стала лепей без Сыса? Не! І ніколі лепей не стане. І ніхто ўжо не напіша так, як мог Анатоль Сыс. І ў гэтым яшчэ раз пераконваюся, чытаючы ягоны «Лён». Аднак кніга Сыса без самога жывога Сыса — маланка без грому. Яна ёсць, і яе нібыта і няма. Але яна ёсць! І жыве ў «Ільне» сам Сыс, які п’е адзін чырвонае віно і нам налье, а мы яму крыві нальем, сваёй крыві — чужой не падманем, бо ён п’е адзін, ён кроў не піў даўно. А мы ўжо даўно без Сыса былі, і нават тады былі без яго, калі ён яшчэ жыў.