Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 89

Віктар Шніп

***

24.04.2016. Вербная. У царкву не атрымалася схадзіць. Людміла прыйшла з горада са свянцонымі вярбінкамі і пабіла мяне імі. Мама мяне ў дзяцінстве сцябала не толькі ў Вербную нядзелю. Вялікі ёй дзякуй — вырас не самым апошнім абібокам.

***

24.04.2016. На вуліцы дробны дождж. У хаце градусаў пятнаццаць. Сядзім у інтэрнэце і час ад часу забываемся, што холадна. А тое, што заўтра панядзелак і трэба будзе праз холад ісці на працу і там працаваць не ў цяпле, сядзіць у галаве і не вымываецца ні гарбатай, ні кавай.

***

24.04.2016. Сённяшнім дажджом на Мухлі вымылася першае дзьмухаўцовае золата. Наша Міёна яго знайшла. Я знаходку прынёс дахаты. І, па-мойму, да дзьмухаўцовай залатой ліхаманкі засталося некалькі дзён...

***

25.04.2016. Паблізу з домам, дзе жыву, школа, вакол якой вялікі сад. Учора ён быў шэры, а сёння белы-белы, як снег, які чакае пчол і які чакаюць пчолы. У гэтым садзе сем гадоў таму я хадзіў з мамай і верыў, што яна пасля інсульту хутка паправіцца. І сёння, праходзячы каля белай квецені, я не ўбачыў маму. А так хацелася!

***

26.04.2016. Трыццаць гадоў таму я жыў і вучыўся ў Маскве. Але так атрымалася, што напрыканцы красавіка ў Мінску праходзіў чарговы з’езд Саюза пісьменнікаў, на які я быў запрошаны, і 26 красавіка мне давялося сустрэць на роднай зямлі. Пра чарнобыльскую бяду даведаўся ў Пугачах. Суседзі садзілі бульбу. Потым сядзелі на лаўцы каля нашай хаты і гаварылі пра радыяцыю. Праз паўгода дзядзька Коля, які, пасадзіўшы бульбу, адпачываў, лежачы на зямлі, а потым яшчэ трапіў пад дождж, захварэў і памёр. У Маскву я вяртаўся з чырвоным віном, як з лекамі.

Сёння ўдзельнічаў у жалобнай імпрэзе ў бібліятэцы імя Багушэвіча, на якую прыйшлі вучні шостых і сёмых класаў. Перад маім выступам бібліятэкары паказалі архіўныя кадры, на якіх адлюстраваная хроніка трагічных чарнобыльскіх падзей. Чытаючы вершы, а потым і ўрыўкі з «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч, жанчыны плакалі...