Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 85

Віктар Шніп

Перад тым як адкрыць памятную дошку, вучні распавялі пра жыццё і творчасць Змітрака Бядулі. Пачыталі вершы, прысвечаныя яму. Увесь час дзьмуў халодны пранізлівы вецер і было змрочна, але, як толькі мы з Людмілай адкрылі дошку, засвяціла сонца і заціх вецер. Мне падалося, што з неба паглядзеў Змітрок Бядуля.

Напаіўшы і накарміўшы нас, Роза Канстанцінаўна са сваімі памочнікамі правяла экскурсію. Дзякуючы ёй, у школе амаль пяцьдзясят дзяцей могуць быць экскурсаводамі. Падобных музеяў па сваім экспазіцыйным багацці вельмі мала ў нашай краіне.

У музеі ёсць мядзяная конаўка, якая была зробленая дзедам Змітрака Бядулі.

Учора якраз вечарам мне патэлефанаваў мой сябра Іван Вараўка, які ў свой час скончыў Ільянскую школу. Ён распавёў пра Ілью. Паведаміў, што каля школы стаіць помнік Леніну. Даўней яго там не было. Стаяў ён на месцы помніка Сталіну. Іван памятае, як неяк раніцай дамоў прыйшоў бацька і сказаў: «Мы Сталіна ўтапілі ў рэчцы!»

На сустрэчу з намі ў актавую залу прыйшлі амаль усе вучні, што былі на занятках. Выступаць было лёгка, бо на нас глядзелі разумныя вочы, з якіх свяцілася прага ведаў.

Пасля выступлення Роза Канстанцінаўна звадзіла нас да месца, дзе стаяў ешабот. На вуліцы, па якой мы ішлі, захаваўся брук. Я ішоў па ім, і ў маіх вушах чуўся грукат колаў фурманак, а ў кроках дваццаці перад намі мне бачыўся чарнявы кучаравы хлапчук Самуіл, які ішоў вучыцца, каб з цягам гадоў стаць беларускім пісьменнікам.

***

21.04.2016. Маладзік як залаты апостраф, што выпаў са Скарынавай Бібліі.

***

21.04.2016. На ТОТ.ВУ змешчаны артыкул Алены Зуевай «Дом писателей “Ислочь” превратился в загородный клуб со СПА-центром», у якім скарыстаны мой расповед пра Дом творчасці, якім ён быў у 90-я гады. Па просьбе Алены я даў (мог і не даваць) дзясятак маіх першых «Сабачых гісторый», што былі напісаныя ў «Іслачы», з якіх яна на свой густ выставіла для прачытання тры. Цяпер на форуме ананімшчыкі абмяркоўваюць (крытыкуюць па поўнай праграме!) толькі мае «Сабачыя гісторыі», быццам больш ніякага тэксту і няма. Я задаволены такой рэакцыяй ананімшчыкаў, бо разлічваў на яе, калі аддаваў гісторыі для публікацыі.

***

21.04.2016. На Цэнтральным аўтавакзале купіў білет на родны Валожын. Прыйшоў на прыпынак пад нумарам 11 і заўважыў, што з гэтага ж месца можна паехаць у Парыж. І згадаўся верш, напісаны 5 жніўня мінулага года пасля таго, як мы з Людай былі ў Парыжы:

Ты прачынаешся ў старым Парыжы,

Нібыта ў небе, дзе жывуць анёлы,

Дзе зоры — кроплі залатое цішы,

Якую мастакі парыжскай школы

Бяруць і ў фарбы дабаўляюць смела,

Малюючы Парыж, дзе ты не жыў,

Дзе над Парыжам уначы ляцела

Пылаючая Жанна на крыжы.

Ты прачынаешся ў старым Парыжы,