Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 88

Віктар Шніп

Сыс — паэт. Але вершы яго страшныя, як рукі, прабітыя цвікамі. І сам ён страшны і прыгожы, як чорны цвік у белай руцэ манашкі.

Сыс — інквізітар, які смяецца і плача, плача і смяецца, і заклінае, каб не хадзілі за ім. А мы ідзём за ім. А мы хочам быць побач з ім. І душа яго хаваецца ў небе, як у льне, які пасеялі анёлы. І сам ён хаваецца ў ільне, як у небе, куды мы глядзім і бачым росныя камяні, як зоры. І Сыс глядзіць на нас з лёну, як з неба, а з неба, як з лёну, і прапануе нам выпіць за Айчыну. І мы ўсе п’ём і п’ём, як Сыс, за сябе. І што пасля нас застанецца? У Сыса застаўся «Лён». І нам заходзіць у гэты лён, як у Сысова мора. І нам тануць у Сысовым моры і ўсплываць па-над ім канямі, што просяць піць. І пралятаць нам фанерай над беларускай літаратурай, і застацца толькі тым, каму Сыс прысвяціў верш. Але...

2006. Кніга Алеся Асташонка «Жоўты колер бел ага снегу», а дакладней «П’яная кніга, або Жоўты колер белага снегу», павінна была выйсці ў «Мастацкай літаратуры» яшчэ ў 1996 годзе. А на самым пачатку дзевяностых гадоў у часопісе «Крыніца» (там у той час працаваў Алесь Асташонак) была надрукаваная нізка маіх вершаў. І вось прыйшоў Алесь у «ЛіМ» і кажа: «Адгадай, якія радкі мне найбольш спадабаліся?» Г адаў я, гадаў і не адгадаў. Алесь засмяяўся і зачытаў: «Ядуць рабацягі зжаўцелае сала і піва няспешліва п’юць». Да сённяшняга вечара думаў, што Алесь здзекуецца з мяне, цытуючы гэтыя радкі і гаворачы, што яны самыя лепшыя ва ўсёй беларускай паэзіі. І толькі сёння, паставіўшы побач ягоны радок «П’яная кніга, або Жоўты колер белага снегу» і мой «Ядуць рабацягі зжаўцелае сала і піва няспешліва п’юць», я зразумеў, што нашы радкі, як кажуць, з адной оперы. І цяпер цешу сябе думкай, што маё «жоўтае сала і піва» дапамаглі Алесю прыдумаць назву сваёй кнігі. «П’яная кніга.» была падрыхтаваная да друку. Ды не выйшла. Прычын хапала. І назва вельмі нязвыклая, і аўтар не хаваецца ў бульбу, і грошай у выдавецтве няма, і. Але карэктура кнігі была, і, атрымаўшы яе, Алесь адразу ж прыйшоў у «ЛіМ» да Барыса Пятровіча і да мяне. Ён быў шчаслівы, як дзіця. У сваю чаргу мы таксама радаваліся за сябра. Радаваліся доўга, аж пакуль Алесь і мы не зразумелі, што «П’яная кніга.», нягледзячы на тое, што ёсць яе карэктура, не выйдзе. На жаль, такі лёс напаткаў многія выданні таго часу. І калі б кніга Алеся Асташонка выйшла ў 1996 годзе, то і лёс яго мог бы быць іншым. Не такім трагічным. Мог, але. На той час Алесь Асташонак, прыходзячы ў «ЛіМ», амаль кожны раз у кабінеце Барыса Пятровіча, гаворачы пра літаратуру, не абыходзіў пытанняў: «Хто з сучасных празаікаў, а хто з паэтаў уваходзіць у залатую дзясятку? Хто ў пяцёрку? Хто ў тройку?» Гаварылі доўга, дапазна. Амаль заўсёды да нас далучаліся многія пісьменнікі, якія не абыходзілі «ЛіМ». І заўсёды ў пяцёрку, а часам і ў тройку лепшых празаікаў уваходзіў Алесь Асташонак. Часам здавалася, што ён да нас у «ЛіМ» толькі дзеля гэтага «рэйтынгу» і прыходзіць. Але гэтыя нашы рэйтынгі былі сур’ёзнай справай, а не дзеля таго, каб пакрасавацца адзін перад адным. І сапраўды, на той час проза Алеся Асташонка па праве ўваходзіла ў залатую дзясятку лепшай сучаснай прозы. На жаль, на сённяшні дзень ужо не тое. Алесь застаўся ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. І два гады назад, калі вырашаўся лёс «П’янай кнігі.», я, працуючы ў выдавецтве, настаяў, што калі нельга цалкам пакінуць назву, то змест павінен застацца такім, якім яго падрыхтаваў да друку Алесь. Мяне паслухалі. І сёння, ведаючы, што Алесь (мяркуючы па яго лістах) да апошняга дня жыцця пісаў і займаўся перакладамі, можна сказаць, што «Жоўты колер белага снегу» — гэта толькі тое выданне, якое да нас дайшло праз дзесяць гадоў. І за гэтыя дзесяць гадоў яно не многа страціла. Стала не такім акту­альным, якім было, і не больш. Але ці трэба, каб кнігі былі актуальнымі. Мастацкія творы — гэта не артыкулы з нагоды. У Алеся мастацкія творы, у якіх захаваны той час, у якім мы ўсе жылі. І, дарэчы, так, як Алесь Аста­шонак, пра той час ніхто не напісаў і па сёння. Ды і не трэба. У кожнага з нас ёсць, а ў каго няма, дык, можа, некалі будуць свае «П’яная кніга і жоўты колер белага снегу» і свае «зжаўцелае сала і піва».