Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 86

Віктар Шніп

І напаўняецца святлом Парыж,

Нібы віном, і сонца, нібы глыж,

Ляціць табе ў вакно, і ты крычыш:

«Парыж! Парыж! Парыж!.»

Сыс напомніў пра сябе

22.04.2016. Сёння выпадкова (а можа, і не? Хутка ў траўні будзе чарговая гадавіна са дня смерці Анатоля Сыса) у інтэрнэце натрапіў на свой дзённікавы запіс «Звязаны Сыс», што быў змешчаны ў «Жывым часопісе» 7 снежня 2010 года. Пры ім захаваліся каментары.

«Андрэй Федарэнка:

«Па-першае, сястра, наадварот, была супраць, каб адчынялі труну. Про­ста з натоўпу цікаўныя пачалі пі.ець, што, перад тым як закапваць, трэба адкрыць. На самай справе проста хацелася паглядзець, наколькі ён страшны. Адкрылі, паглядзелі, хуценька закрылі.

І другое. Забіраць езьдзілі вы з Пашкевічам, а хаваць — мы з Наварычам. Адзіныя, дарэчы, зь Менску. Акулін быў там, на радзіме, і пад’ехаў на другі дзень.

Так што ня трэба тут нічога і нікога дзяліць. Тым больш рабіць вінаватай сястру.

Рукі-ногі сапраўды не разьвязвалі — вельмі цяжкі быў пах і ўвогуле жудкаватае відовішча».

Уладзімір Сцяпан:

«Напісаў бы ў такім стылі..».

Андрэй Федарэнка:

«Я напісаў, не падумаўшы, грубаватую «Сечку», на мяне моцна пакрыўдзіліся, у суд хацелі падаваць... Я проста баюся, і мне не вельмі цікава.

Мой Сыс — у «Рэвізіі», яго зоркавы час».

Віктар Шніп:

«Усё ведаю і памятаю, што ты з Наварычам ездзіў. Малайцы. Ніхто сястру ні ў чым не вінаваціць! Гэта жыццё. Цяпер проста трэба пакласці нажніцы — і ўсё!»

Андрэй Федарэнка:

«Мы з Наварычам не хвалімся, Віця. Проста я выдатна запомніў тое адкрыванне труны. І нажніцы, Бог зь імі, пакласьці...»

Паліна Сцепаненка:

«Навошта такія падрабязнасці?»

Юрый Гумянюк:

«Віця, табе прывід Сыса не дае супакою? Ты выпіваеш?»

Віктар Шніп:

«Успомніў Сыса, бо кніжку Г анны Кандрацюк прачытаў, з якой зразумеў, што Сыса пахавалі са звязанымі рукамі і нагамі. Нельга так хаваць! Душа Сыса цяпер пакутуе і трэба выправіць гэтую недарэчнасць... Пачытай Ганну Кандрацюк. Як ты там жывеш-творыш?»

Юрый Гумянюк:

«Ганна Кандрацюк абяцала мне перадаць кнігу з аўтографам. Таму пакуль не маю. Ведаю, што там ёсць і мой здымак. Што твару? Пішу фельетоны і раблю рэпартажы на Радыё Рацыя».

Віктар Шніп:

“Нармальна. Даўно не бачыліся!!!”»

Пасля публікацыі ў фэйсбуку «Сыс напомніў пра сябе» Г аліна Сташкевіч напісала: «Адпусціце гэту сітуацыю. Тыя бінты-путы даўно згнілі, альбо іх Толік разарваў, каб падняцца і пайсці да каго-небудзь у госці..». Я адказаў Галіне: «Сітуацыя адпушчана, але Сыс напамінае пра сябе... Я не спецыяльна... Ён, магчыма, спецыяльна...»

***

22.04.2016. «Сёння ў нас надвор’е мяняецца, як пальчаткі!» — сказала супрацоўніца выдавецтва, гледзячы ў акно на мокры снег, што раптам сыпануў пасля сонца, якое пару хвілін таму свяціла, выглянуўшы з дажджавой хмурыны.

10-годдзе тэатра «Арт.С»

22.04.2016. Дзесяць гадоў праляцелі, як цікавы дзесяцігадзінны спек­такль, у якім прынялі ўдзел каля двухсот акцёраў. Сёння Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі, дзякуючы якім у доме гасціннай Цёткі (Рэгіны Багамолавай) раз у месяц збіраюцца творцы і гледачы-слухачы, стварылі святочны спектакль па Батанічным слоўніку Зоські Верас. У кожнага выступоўцы была свая кветка. У Рэгіны Багамолавай — мацярдушка, у Пятра Васючэнкі — мята Пятрова, у Вячаслава Скоблы — уразнік, у Сержа Мінскевіча — шальбабоны, у Ірыны Клімковіч — шалвея, у Вікі Трэнас — бурнэлька, у Альжбеты Малішэўскай-Спрынчан — дзяванна, у Міхася Скоблы — святаянскае зелле, у Юрася Пацюпы — сухавейка, у Міколы Кандратава — ацаўнік, у Васіля Кузьмічкіна — зелле ад трасцы, у Яраша Малішэўскага — дзівасіл, у Аксаны Спрынчан — жабіныя вочкі. Мне выпала кветка цвінтарэй. На жаль, Людміла Рублеўская сёння не змагла ўдзельнічаць у спектаклі, бо на працы дзяжурыла па новым нумары газеты. І ўсё ж Аксана Спрынчан назвала і яе кветку — цынцылея, а Яраш Малішэўскі выканаў на словы Людмілы песню «Паляванне каралевы Боны». Напрыканцы тэатральнай дзеі Станіслава Сыс хораша прачытала верш Паўлюка Пранузы.