Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 84

Віктар Шніп

Алена Зуева распытвала мяне, дзе што раней тут было. Я распавядаў, а фатограф рабіў здымкі. Першы раз у Дом творчасці «Іслач» мы прыехалі ў 1991 годзе. Нашай Вераніцы было два гады. Якраз тады з намі адпачывалі Галубовічы Лёня і Вера з трохгадовай дачкой Ксеняй. Па сённяшні дзень памятаю словы Ксені, якая, гледзячы на туман на лузе, сказала: «Туман. Туман. Усё дарэмна.»

Цяпер на месцы лазні амаль збудаваны нейкі напалову шкляны будынак. Насупраць яшчэ большы будуецца. Тут амаль нічога старога няма. Засталася толькі цэментная лесвіца ў лес, як у зялёнае мора.

Падышлі да ракі. Русла не памянялася. Вада спакойна цячэ, як сонная.

Сосны на абрыве так і не адважыліся скочыць у раку...

На лузе, які нядаўна быў затоплены вадой, сівая і рудая трава, як валасы русалак, якія пастрыгліся перад вясной.

Навокал шышкі. Мне здаецца, што яны тыя, што мы бачылі пятнаццаць гадоў таму.

Шыльнік, як з’іржавелыя іголкі, якімі ніткамі павуціны мінулай восенню шылася залатое іслацкае бабіна лета.

На камянях, на якіх мы раней сядзелі, адпачываючы ў «Іслачы», зялёны мох, як зялёны атлас, на якім цяпер сядзяць лесавікі і расказваюць адзін аднаму пра пісьменнікаў, якія тут пісалі свае творы.

У 1996 годзе ў «Іслачы» я напісаў першыя «Сабачыя гісторыі». Тут у «Іслачы» Людміла Рублеўская напісала першыя празаічныя рэчы — «Іслацкія імпрэсіі».

Лавак, на якіх любілі сядзець пісьменнікі і назіраць за адпачываючымі, каля Дома творчасці няма. Згнілі, а можа, спаленыя.

На дрэве варона. Чорная, як галавешка.

Сярод соснаў сям-там з’явіліся новыя двухпавярховыя дамкі. Прыгожыя, як дэкарацыі для здымкаў фільма пра рамантычнае каханне ў лесе.

Асфальт, здаецца, той жа, што і быў даўным-даўно. У старых выбоінах калюгі, а ў іх — неба і сосны.

Новыя ліхтары як несапраўдныя.

У адрамантаваных катэджах працуюць людзі. Сядзяць за камп’ютарамі. Адразу разумееш, што ты тут не ў 2000 годзе.

Хачу ўбачыць вавёрку або зайца. Няма. Толькі птушкі спяваюць, як і пятнаццаць гадоў таму.

У Доме творчасці «Іслач» мы з Людмілай і дзецьмі пражылі больш як 150 дзён.

Вяртаючыся ў Мінск, заехалі на могілкі да маіх бацькоў. Магіл паболела.

***

20.04.2016. У вёсцы Ілья Вілейскага раёна ў мясцовай школе імя А. Грымаця ўжо шмат гадоў ёсць два народныя музеі — «Вілейшчына літаратурная» і «Ільянскія далягляды». Яны ўзніклі і працуюць дзякуючы цудоўнай краязнаўцы Розе Шэрай. Сёння па яе запрашэнні мы з Людмілай удзельнічалі ў адкрыцці памятнай дошкі, з якой можна даведацца, што з 1899 па 1901 год у Ільі вучыўся Змітрок Бядуля.

Роза Канстанцінаўна сустрэла нас на цэнтральным пляцы Ільі і адразу пачала распавядаць і паказваць, дзе што было раней і што там цяпер. Гадоў трыццаць таму ў мясцовым тэхнікуме вучылася каля тысячы студэнтаў. Цяпер чалавек дзвесце. Вялікія інтэрнаты амаль пустыя. Паблізу тэхнікума аднаўляецца царква. Яе робяць такой, якой яна была першапачаткова. У школе вучыцца каля двухсот вучняў. Калі мы прыйшлі ў школу, нас тут жа ахінулі ўвагай настаўнікі, што былі вольныя ад урокаў. На сустрэчу з намі прыйшоў мясцовы паэт Мікола Кутас з жонкай. На ровары прыехаў краязнаўца Уладзімір Кажамяка. Дзецям, якія вучацца ў Ільянскай школе, вельмі пашанцавала, бо, акрамя Розы Шэрай, у іх выкладае паэтка Аксана Ярашонак-Камінская.