Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 83

Віктар Шніп

Крэпасць ахоўваецца дзяржавай. Адпаведныя шыльды вісяць на будынках. Шыльды цэлыя, а будынкі развальваюцца.

Ходзячы па Бабруйскай крэпасці, згадаў Калізей у Рыме.

У нежылых будынках крэпасці чуюцца галасы. Нейкія хлапчукі лазяць у пошуках прыгод ці скарбаў.

Падумалася, што ўсё-ткі некалі Бабруйскую крэпасць адновяць. На жаль, нас тады ўжо не будзе.

Абедаць зайшлі ў «Чырвоную вежу». Праз паўгадзіны мне ўявілася, што мы знаходзімся не ў Бабруйску, а ў Амстэрдаме. Праз вітражы працякала рознакаляровае святло на столік, за якім мы сядзелі, і мне здавалася, што зараз да нас зойдзе Ван Гог і прапануе купіць на памяць свае сланечнікі.

***

16.04.2016. Ідучы ў цэнтры Бабруйска, раптам убачыў са спіны помнік. Вялікі! Шыракаплечы! Рашучы! Спартыўны! «Маякоўскі!» — усклікнуў я. «Не! Гэта наш Ленін!» — падказалі мне.

***

17.04.2016. Ходзячы па Бабруйскай крэпасці, увесь час хацеў убачыць вялікую чорную змяю, якая б грэлася на вясновым сонцы. Калі не змяю, то хоць вужа. Не ўбачыў. Магчыма, іх там і няма. Мінуў дзень, як мы вярнуліся дахаты, а я ўсё думаю пра чорную змяю, якая не трапілася на мае вочы.

***

17.04.2016. На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, працуючы ў «Нашым слове» з фотакарэспандэнтам Уладзімірам Панадам, я даведаўся, што мы з ім сваякі праз нашых бабуль, якія з’яўляюцца стрыечнымі сёстрамі, а ў самога Валодзі ёсць два стрыечныя браты-журналісты — Вітаўт Мартыненка і Ана­толь Мяльгуй. Нашы бабулі пахаваныя ў Дубравах. Пазнаёміўшыся бліжэй з Вітаўтам і Анатолем, мы вырашылі з’ездзіць на могілкі. Да нас далучылася мая Людміла. У Валодзі быў фотаапарат, і ён усё здымаў на плёнку. На жаль, здымкаў у мяне няма. Мы тады цэлы дзень прабылі ў Дубравах. Адшукалі магілы сваіх сваякоў. Дамовіліся, што наступны раз прыедзем з жонкамі і дзецьмі. Мінула больш за дваццаць гадоў, мы так і не здзейснілі сваю дамову, і ўжо не здзейснім, як планавалі. Сёння на 57-м годзе жыцця памёр музычны крытык, журналіст і паэт Вітаўт Мартыненка.

***

18.04.2016. Чую размову студэнтак. Адна пытаецца: «Чаму ты на занятках не была?» — «У тэатр хадзіла!» — адказвае другая. — «Куды?» — «У Чырвоны касцёл!» — «І што там было?» — «Спектакль па вершах Янішчыц!» — «Ну і як?» — «Вельмі прыкольна. Адна актрыса ўсё выконвае! Прыкольна!»

«Іслач» праз пятнаццаць гадоў

19.04.2016. Сёння ў маёй мамы дзень народзін. Ёй было б 86 гадоў. Учора, дзякуючы карэспандэнтцы ТОТ.ВУ Алене Зуевай, адведаў бацькоў на ракаўскіх могілках і пабыў на тэрыторыі былога Дома творчасці пісьменнікаў «Іслач».

У «Іслачы» апошні раз быў гадоў пятнаццаць таму. Ехаў, баючыся, што ўбачу разваліны, парослыя маладым лесам.

Прыпынак-альтанка аўтобусаў, з якіх выходзілі, прыехаўшы адпачываць, пісьменнікі і ў якія заходзілі, каб, прыехаўшы ў горад, жыць успамінамі пра «Іслач», захавалася. Праўда, вельмі сумная.

Здалёку ўбачыў сярод маладых дрэў галоўны корпус Дома творчасці з выбітымі вокнамі і з пагнілымі, аброслымі мохам балконамі. Падалося, што мы прыехалі ў чарнобыльскую зону.

Зблізку Дом творчасці не такі ўжо і страшны. Каля яго два вартавыя сабакі. Убачылі нас і пачалі гаўкаць. Тут жа з’явіліся людзі. Яны паціху пачынаюць аднаўляць галоўны корпус Дома творчасці. Праўда, гэты дом ужо ніколі не будзе Домам творчасці.