Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 82

Віктар Шніп

На той час наклад «Нашага слова» быў каля 10 тысяч, і на выпуск газеты патрэбна было шмат сродкаў. Да ўсяго вар’яцкая інфляцыя хутка з’ядала ўсе падпісныя грошы, і мы ледзь-ледзь зводзілі канцы з канцамі, але не здаваліся. І тут ужо Ірына Платонаўна клапацілася не толькі пра выхад газеты, але, нібыта родная маці, і пра кожнага супрацоўніка, бо яна ведала, што ў кожнага з нас ёсць дзеці. Дзе цёплым словам, а дзе і цукеркамі яна старалася стварыць кожнаму добры настрой. І, нягледзячы на цяжкі фінансавы перыяд, мы ў рэдакцыі адзначалі нацыянальныя святы, дні народзін, на якіх Ірына Платонаўна заўсёды нас частавала цудоўнымі пірагамі. І мы, дзякуючы ёй, адчувалі сябе калектывам, сям’ёй.

«30.10.1994. Амаль месяц Ялугін ходзіць з ідэяй аб’яднаць «Наша слова» з «Культурай», каб атрымалася «Слова Культуры». Абышоў усіх. У ТБМ заварушыліся, пачуўшы пра ідэю аб’яднання. У чацвер Ніл Гілевіч паклікаў у свой кабінет, што ў Вярхоўным Савеце, Ялугіна, Вільтоўскага, Цумарава,

Санько і мяне. Цумараў пасядзеў крыху і пабег на нейкае паседжанне. Пра «вяселле», як назваў Вільтоўскі прапанову Ялугіна аб’яднаць «Наша слова» з «Культурай», гаварылі доўга. Ялугін нават заявіў: «Калі я не падыходжу вам як рэдактар, то здымайце з пасады». А Гілевіч яму ў адказ: «Калі трэба будзе зняць з рэдактарства, то здымем». Словам, усе выступілі супраць прапановы Ялугіна, бо ў ТБМ павінна быць свая газета, як бы цяпер ні было цяжка яе выдаваць. Без газеты не будзе ТБМ.»

Без газеты не будзе ТБМ! Гэтую выснову супрацоўнікі «Нашага слова» зразумелі і ўспрынялі правільна. І працавалі, і працуюць цяпер, помнячы пра гэта. І хутка, не агледзімся, як «Нашаму слову» будзе 20 гадоў. А там і 25, і 50, і 100! І я думаю, успамінаючы першых супрацоўнікаў выдання, дзякуючы якім наша беларускае слова праз газету вярталася ў сэрцы і душы людскія, будуць заўсёды называць і Ірыну Платонаўну Крэнь. Яна вартая гэтага! 15.05.2007».

***

16.04.2016. Не праспі сваю смерць!

***

16.04.2016. Не дурыце мазгі, адзінокія гусі!

***

16.04.2016. З Людмілай ездзілі ў Бабруйск. Нас запрасіла выступіць у гімназіі № 3 Людміліна былая аднакурсніца з філфака Святлана Севярын (Свірыдава). На сустрэчу з намі прыйшло вучняў пяцьдзясят. Розных узростаў. І самае галоўнае — былі толькі тыя, каму хацелася паслухаць нас. Мы распавядалі пра сябе, пра сучасную літаратуру, чыталі вершы, адказвалі на пытанні. Мясцовае тэлебачанне ўсё зняла. Потым нам прапанавалі экскурсію па Бабруйскай крэпасці, якую правёў малады настаўнік гісторыі.

Бабруйская крэпасць, якую мы бачым на здымках, зусім не такая, як насамрэч. Я ўяўляў яе, як звычайны, але вельмі вялікі замак, які можна абысці за пару гадзін. А тут — не абыдзеш і за дзень. У крэпасці жыло адных салдат да дзесяці тысяч.

Гледзячы на брук, якому 200 гадоў і які месцамі віднеецца з-пад асфальту, падумаў: «Еўропа схаваная пад асфальт.»

Старыя будынкі, якія помняць цароў, стаяць пустыя з выбітымі вокнамі. Мёртвы горад.