Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 6
Віктар Шніп
***
18.09.2015. Стары сядзіць на лаўцы. Побач па апалай лістоце скачуць вераб’і, як цацачныя.
***
19.09.2015. Зайздрасць з’ядае чалавека, як чарвяк яблык, які на руцэ ў Евы.
***
19.09.2015. Больш як сем гадоў (1978—1985), калі быў тунеядцам, я кватараваў у старых мінчан Марыі (1902—1985) і Мацвея Цяслёнкаў (1908—1991).
Для іхніх суседзяў я быў студэнтам філфака, які добра вучыцца і піша вершы. Я ж тады нідзе не вучыўся і нідзе не працаваў. Баба Марыя Цяслёнак (у дзявоцтве Куніцкая) была стрыечнай сястрой крытыка Сымона Куніцкага (28.2.1902, в. Гарані Мінскага пав., цяпер Мінскі р-н — 14.10.1940, Калыма). У 1925—28 гг. вучыўся на рабфаку БДУ. Першае апавяданне надрукаваў у 1928 г. (газ. «Чырвоная змена»). У 1929 г. выйшаў яго першы крытычны артыкул. У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага ф-та БДУ. У 1931 г. залічаны як крытык у БелАПП ад Мінскай філіі. У 1932— 36 гг. працаваў вучоным сакратаром Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. Арыштаваны 27.11.1936 г. 1.10.1937 г. асуджаны на 10 гадоў лагераў. Памёр у зняволенні. Рэабілітаваны 18.12.1954 г. Пра свайго сваяка Марыя Сцяпанаўна часта распавядала. Я быў малады і асабліва не ўслухоўваўся ў аповеды старых. Цяпер шкадую. Дзед Мацвей Сцяпанавіч у трыццатыя гады доўгі час працаваў у Купалаўскім тэатры рознарабочым. Добра ведаў усіх артыстаў. Распавядаў пра іх. Сёе-тое ў маіх дзённіках тых гадоў запісана. Праўда, вельмі мала. Шмат дзед Мацвей расказваў пра Мінск часоў нямецкай акупацыі. Пасля вайны ў 1945 годзе Мацвею Сцяпанавічу за палітыку далі дзесяць гадоў. Працаваў у Бадайбінскім раёне Іркуцкай вобласці на залатых прыісках. Пра гэта ён мне распавядаў не горш, чым пісьменнік Варлам Шаламаў у сваіх калымскіх апавяданнях. Дамоў з ГУЛАГа дзед Мацвей вярнуўся пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе. Потым да пенсіі працаваў дворнікам. Кожны дзень чытаў кніжкі. Чытаў услых, таму дзед для мяне быў як радыё, па якім штовечар перадаюцца літаратурныя творы. Сёння, узгадваючы Марыю і Мацвея Цяслёнкаў, для якіх я быў як сын (на пытанні суседзяў, хто такі ў іх жыве, яны адказвалі: «Наш сын!»), я кажу вялікі дзякуй ім, што яны былі ў маім жыцці...
***
20.09.2015. З Людмілай выйшлі з дому а дванаццатай. Адведалі Ніла Гілевіча. Ён пра ўсё, што хацеў ведаць, па парадку, як на ўніверсітэцкім іспыце, распытаўся. Мы, здаецца, адказалі на ўсе пытанні на дзявятку. Людміле падарыў кніжку «Эпіграмы», а мне 18-ы том свайго Збору твораў у 23-х тамах. У кніжцы напісаў: «Дарагому Віктару Шніпу на ўспамін пра нашы сустрэчы і гутаркі. З радасцю, што ў гэтым томе ёсць мая Вам падтрымка. Сардэчна — Ніл Гілевіч. 20.9.15.» Перад тым, як рабіць подпіс, зачытаў радкі пра мяне і ўрыўкі з вершаў. Незаўважна ў размове праляцелі дзве гадзіны. На вуліцы пачаўся дождж. Паабяцаўшы, што не будзем абмінаць кватэру Ніла Сымонавіча, мы развіталіся. Праз дождж пабеглі ў Нацыянальны мастацкі музей, каб паглядзець выставу карцін Адама Глобуса. Хацелі пакінуць запіс аб уражаннях, але не знайшлі дзённіка для водгукаў. Ці яго няма, ці яго ўжо скралі? Паглядзеўшы старыя іконы з Веткі, пайшлі на выставу «Ад рэалізму да імпрэсіянізму. Жывапіс ХІХ—ХХ стст. з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі». Карцін няшмат. Сярод іх творы І. Рэпіна, І. Шышкіна, В. Пярова, А. Саўрасава, В. Верашчагіна, В. Паленава, А. Куінджы, К. Каровіна, І. Левітана. Як эпіграф да выставы, словы Паўла Траццякова: «Мне не трэба ні багатай прыроды, ні эфектнага асвятлення, ніякіх цудаў — дайце мне хаця б лужыну брудную, ды каб у ёй праўда была, паэзія, а паэзія ва ўсім можа быць, — гэта справа мастака...» Паэзія ў выставе ёсць. Зазірнулі ў дзённік водгукаў. Ужо шмат напісана ўдзячных слоў музею, але ёсць і такія: «У Вас божий дар!», «Каровин рулит!», «У меня внучка шестилетняя лучше рисует. Валерий. Минск.». І тут жа адказ Валерыю: «Жлоб!» Вярталіся дамоў праз дождж з кнігамі ад Гілевіча і са святлом ад убачаных карцін.