Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 5

Віктар Шніп

***

16.09.2015. Сыплюцца зоркі, як пясок у пясочным гадзінніку, у якім жывём мы.

***

16.09.2015. Вяртаюся з працы. Следам вецер гоніць рудое лісце каштанаў, як попел недагарэлых рукапісаў, якія паліць верасень.

***

17.09.2015. Ноччу снілася бульба. Вялікая. Ляжыць на полі і ніхто яе не збірае. Я іду з кошыкам, а ў ім клубкі нітак. Усе розных колераў. Я бяру белы. Падкідваю ўгору і з неба пачынае сыпацца снег. Робіцца холадна. Я прачынаюся. Цёмна. За акном белая поўня, як клубок нітак.

***

18.09.2015. У Валожыне бываю некалькі разоў на год. Праўда, апошнім часам дабіраюся да землякоў з сябрамі на машыне ці з начальствам, таму горада амаль не бачу. Прыехалі, выступілі, павячэралі — і дамоў. Нядаўна ездзіў сам па сабе на маршрутцы. Гадзіна — і я ўжо ў Валожыне. Сышоў на аўтавакзале прама ў дождж. Вецер. Забег у памяшканне. У змроку каля акна на лаўцы сядзіць жанчына і чытае газету. На дзвярах, дзе раней была кавярня, вялікімі літарамі абвестка, што тут можна папіць гарачую гарбату і з’есці смачныя канапкі. Хачу зайсці. Дзверы не адчыняюцца. Пад абвесткай драбнюсенька: «Временно не работает». Пайшоў у прыбіральню, у якую гадоў пяць таму можна было зайсці толькі заткнуўшы нос. Цяпер усё чысценька і без смуроду. Прагрэс! Вярнуўся ў памяшканне аўтавакзала. Узгадалася, як тут на пачатку 80-х бываў раз на месяц амаль пяць гадоў запар, калі ездзіў праводзіць літаб’яднанне «Рунь» пры раёнцы. Перапісаў расклад аўтобусаў і пайшоў у горад. На вуліцы дождж. Ад аўтавакзала да цэнтральнай плошчы ісці пад доўгую гару. Пакуль дайшоў — вымак, хоць і быў з парасонам. Спыніўся каля помніка Папу рымскаму Яну Паўлу ІІ, што каля касцёла Святога Язэпа. Падумалася з усмешкай: «Я ўзышоў на гару. Пайшлі далей разам!»

***

18.09.2015. Ужо некалькі гадоў выбіранне бульбы мне толькі сніцца. На жаль.

***

18.09.2015. Прыходзіў Юрась Пацюпа. У час адпачынку ён быў у маці ў сваіх Азёрах. Чысціў студню. У ёй скончылі жыццё самагубствам два мясцовыя каты. Вада верхаводка, таму неглыбока, метраў пяць. Сусед адпампаваў ваду, а потым Юрась па драбіне залез у студню і падаставаў усё, што туды патрапіла. Пазнаходзіў грузілы да вядра, якія гадоў пад сорак таму абарваліся і ляжалі на дне. У маіх Пугачах і ў наваколлі студні вельмі глыбокія. Гэтым летам амаль усе СМІ пісалі: «У Валожынскім раёне ў вёсцы Гярвелі раніцай

16 ліпеня загінуў 26-гадовы мужчына, які капаў пітную студню. Глыбіня складала 25 метраў, калі раптоўна абрынуўся грунт.» Памятаю, як у Лягезах, калі я там гадаваўся да школы ў бабулі Ганны, мае дзядзькі Віця і Ваня з аднавяскоўцамі капалі студню. Капалі некалькі дзён. Потым доўга даставалі ваду белую, як малако, і мне, малому, думалася, што гэта сапраўднае малако. А ў гады тры, пасучы гусянят на поплаве каля ляска, я ўваліўся ў студню, якой ужо ніхто не карыстаўся і якая была схаваная ад людскога вока ў крапіве і лопусе. Добра, што ў студню было накідана ламачча, і яно на метры два сядзела ў ёй, як у горле смерці косткі. Я ўпаў на ламачча. Быў лёгкі і таму далей не праваліўся. Бабуля адшукала, і мяне дасталі. З таго часу я заўсёды зазіраю ў студні, каб убачыць іх халодную і галодную глыбіню.