Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 65

Віктар Шніп

***

16.03.2016. Сто гадоў чакання пенсіі.

***

17.03.2016. У кнігарні «Светач» з 12 да 17 гадзін прайшла акцыя «Сямейнае чытанне», у якой прынялі ўдзел пісьменнікі Алена Папова, Ганад Чарказян, Алесь Камоцкі, Дзмітрый Пятровіч і я. Мне і Пятровічу выпала выступаць з 14 да 16 гадзін. Людзей напачатку амаль не было — працоўны ж дзень, і да ўсяго абвестка пра нашу акцыю з’явілася на дзвярах кнігарні толькі ўчора. Калі спяваў Пятровіч, зайшоў мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Пахадзіў-пахадзіў па кнігарні і, нічога не набыўшы, сфатаграфаваў нас, адзінокіх. Потым сабралася чалавек дзесяць слухачоў. Для іх мы і выступалі. Побач са мной сядзела маладая маці з дачкой гадоў шасці. Малая час ад часу прасіла набыць кніжку Пятровіча, які спяваў пад гітару. І маці кожны раз шаптала дзіцяці: «У нас грошай на кніжкі няма.» Кнігарню за нашы дзве гадзіны наведала чалавек трыццаць, і толькі адна жанчына, якая амаль гадзіну слухала мяне і Пятровіча, набыла кніжку, і гэтай кніжкай стала мая «Заўтра была адліга». Жанчыну звалі Г аліна Леанідаўна. Астатнія наогул выходзілі з кнігарні, як з кніжнага музея.

***

18.03.2016. У бібліятэцы імя Цёткі паэтычны тэатр «Арт.С» прадставіў паэтычна-міфалагічны праект «Сакральная Беларусь». Гэта была ўжо васямнаццатая імпрэза. Яна была прысвечаная сіняму колеру. Вядоўцы Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі давалі слова Віцы Трэнас, Алесю Емяльянаву, Таццяне Пратасевіч, Юрасю Пацюпу, Ірыне і Максіму Клімковічам. Я выступаў па ліку другім і, баючыся, што наш спектакль можа па часе хутка скончыцца (некалькі выступоўцаў прыхварэлі), прачытаў два вялікія вершы (звычайна адзін) — «Люты Рыгора Барадуліна» і «У сінім свеце». Распавядаючы пра Рыгора Іванавіча, згадаў, як прыносіў яму ў выдавецтва ў школьных сініх сшытках вершы, напісаныя сінім чарнілам на сініх лінейках. Калі ў Барадуліна сабралася маіх сшыткаў з дзясятак, ён паклікаў мяне дахаты, каб пагаварыць пра творы. Успрымаючы Рыгора Іванавіча як свайго настаўніка, я чакаў, што вершы мае будуць скрэсленыя чырвоным чарнілам, як гэта рабілі ў школе настаўнікі, але над многімі вершамі стаялі толькі сінія крыжыкі. Гэта азначала, што гэтыя творы Барадуліну спадабаліся. Пазней і я пачаў ставіць сінія крыжыкі або мінусы над чужымі творамі, якія даваліся мне на ацэнку.

Сіні колер для мяне — святы колер, бо ў яго былі пафарбаваныя дзверы царквы, у якую я ўпершыню ў пяць гадоў зайшоў з бабуляй Ганнай у Крывічах, дзе пахаваны мой дзед Міхась.

Зранку Максім праходзіў апошнюю вайсковую камісію. Калі я быў у Лагойску на выступленні ў дзіцячай бібліятэцы, сын патэлефанаваў і паведаміў, што ён па здароўі ў першай групе і цяпер яму свеціць ПДВ і спецназ. Распавядаючы пра свае перспектывы, Максім з аптымізмам сказаў: «Галоўнае — я здаровы!», а мне згадаліся радкі песні: «Каждый из них был в армии родной. Не отмазался никто, что у него там геморрой...»

***

19.03.2016. Дзесяць месяцаў мой бацька пражыў у Мінску на кватэры ў пятнаццаці хвілінах хады ад мяне. Кожны дзень я наведваў яго раніцай і пасля працы. Мінула тры з паловай гады, як бацька з той кватэры трапіў у ракаўскую бальніцу, дзе праз чатыры месяцы памёр на 82-м годзе жыцця. Бацькава мінскае жыллё было нешыкоўным. Двухпакаёвая кватэра на першым паверсе ў двухпавярховым доме, які ў той час ужо быў у гарадскіх планах на знос. Падлога даўно не фарбаваная, сцены абшарпаныя, белыя рамы ў вокнах пачарнелыя, патрэсканыя. Краны цякуць. Гарачай вады няма. Ацяпленне аўтаномнае, за якім трэба сачыць, каб не патух агонь у награвальніку. Гаспадыня за кватэру брала сто даляраў. За тым, як жыве кватарант, гаспадыня не сачыла. Словам, для нас былі больш-менш прыдатныя ўмовы для жыцця. Пасля таго, як бацька пакінуў кватэру, я ні разу не падыходзіў блізка да дома. Здалёк паглядаў пару разоў, і мне здавалася, што з акна, у якім няма святла, бацька глядзіць на мяне, чакаючы майго прыходу. І вось сёння я прыйшоў да знаёмых акон. Усе тры вокны занавешаныя. Вісяць нашы фіранкі, якія чапляла Людміла, калі бацьку сялілі ў кватэру. Ніякіх прыкмет, што там нехта цяпер жыве, няма. Я стаяў перад вокнамі хвілін пяць і слухаў бацькава дыханне, ягоны голас, ягонае сэрцабіццё. Старая прайшла паўз мяне, і я пачуў вецер і рып снегу пад нагамі старой, якая несла смецце ў чорным пакеце ў сметніцу, куды і я насіў ад бацькі такія ж пакеты.