Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 64

Віктар Шніп

***

12.03.2016. Два дні таму на УоиТиЪе з’явіўся кліп гурта «Зялёнахвостыя» «Піва і свінінка», куды ўвайшлі і здымкі, што рабіліся ў нашай кватэры. У кадр трапілі Людміла, я і наша аўчарка Міёна. Сёння я паклікаў Міёну, каб падзівілася на сябе ў камп’ютары. Яна прыйшла, панюхала манітор, паглядзела кліп, задаволена гаўкнула і пайшла, віхляючы хвастом, да сябе ў пакой.

Чорны крумкач сядзіць на вершаліне яшчэ чорнага дрэва і глядзіць у неба, дзе лятуць, вяртаючыся дадому, гусі. Пра што крумкач думае? Пра вясну, пра анёлаў ці пра тутэйшых людзей, да якіх вяртаюцца гусі?

Ідзеш па вуліцы сярод людзей, якіх ты бачыш упершыню, і ёсць сто адсоткаў верагоднасці, што ты нікога з іх ужо ніколі не ўбачыш, як і яны цябе. Але яны будуць жыць у гэтым горадзе, хадзіць па гэтай вуліцы, на якую сёння ты трапіў выпадкова. І ўсё ж ты можаш з кімсьці з іх сустрэцца, гэтак жа, як і могуць супасці лічбы, што ты пазначыў на картцы «Спортлато», з тымі лічбамі, якія выпадуць падчас розыгрышу. Ты сёння зноў нічога не выйграў. Ты ідзеш па вуліцы сярод незнаёмых людзей, якія таксама, магчыма, сачылі за розыгрышам грошай у «Спортлато» і нічога не выйгралі. Ты ўсміхаешся і не баішся, што нехта падумае пра цябе: «Вар’ят нейкі!»

***

13.03.2016. Адбыўся з’езд кампазітараў, якіх у саюзе ў параўнанні з пісьменнікамі не так і шмат. У дзесяць разоў меней. Недзе чалавек 130. У БСК прымаюць толькі з вышэйшай музычнай адукацыяй. Кампазітары, як і пісьменнікі, таксама не спяць у шапку, а твораць і твораць. І ўсё роўна мы ведаем толькі тых, хто стаў вядомым гадоў дваццаць таму. Гэта чалавек дзе­сяць, а астатніх як і няма. Яны нібыта затаіліся, баючыся, што і ім можа быць пастаўленая задача стварыць сваю «Вайну і мір». З’езд прайшоў без шуму і тлуму. Старшынёй абраны Ігар Лучанок, які на гэтай пасадзе з 1980 года.

Прыснілася, што іду з Пугачоў у Мінск. Стаміўся. Раптам мяне даганяе грузавая вайсковая машына. Спыняецца. У кузаве сядзяць мае аднакурснікі з тэхнікума. Сашка Каляда кажа: «Садзіся! Падвязём да Мінска!» Я залажу ў кузаў. Там на скрынях сядзяць дзяўчаты і хлопцы. Усе вясёлыя. Пачынаю распытваць, адкуль яны едуць. Ніхто нічога не адказвае. Усе смяюцца. Машына псуецца. Я злажу з кузава на зямлю. Пытаюся ў мінака: «Колькі да Мінска кіламетраў засталося?» — «Дзвесце тысяч!» — кажа мужчына.

***

14.03.2016. Зіма белай павуцінай снегу хапаецца за чорную зямлю.

***

16.03.2016. У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што ў ЗША памёр Аляксандр Ясенін-Вольпін, вядомы савецкі дысідэнт, сын Сяргея Ясеніна і паэткі Надзеі Вольпін. У 1949 годзе ён быў змешчаны ў псіхіятрычную бальніцу за антысавецкія вершы. У 1965-м стаў ініцыятарам першай праваабарончай дэманстрацыі ў Маскве на Пушкінскай плошчы. У 1972 годзе ён эміграваў у ЗША. Аляксандр Ясенін-Вольпін быў вядомым матэматыкам і філосафам, аўтарам некалькіх фундаментальных работ у галіне матэматычнай логікі і тэорыі права. Пражыў 91 год. Пажыў за сябе і за бацьку.