Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 67

Віктар Шніп

***

23.03.2016. Максіму ў ваенкамаце сказалі, што яго забяруць 15 ці 16 траўня служыць у памежныя войскі.

***

23.03.2016. У Мінску з’явіўся Сяргей Вераціла. Сустрэліся на вуліцы каля нашага выдавецкага будынка. Ён размаўляў з Леанідам Мараковым, які хвілін дзесяць таму быў у мяне. Сяргей адгадаваў бараду. Цяпер ён з барадой і доўгімі валасамі стаў падобным да ваўкалака. Чамусьці згадаўся спявак Іван, які будзе прадстаўляць Беларусь на «Еўрабачанні». Здымкі доўгавалосага аголенага хлопца з ваўкамі нядаўна з’явіліся ў інтэрнэце. Спявак у такім выглядзе збіраецца выступаць на сцэне «Еўрабачання». Гледзячы на здымкі, я думаў пра вобраз ваўкалака, а ўчора даведаўся, што Іван будзе ў ролі Маўглі...

***

23.03.2016. Тэлефанаваў Алесь Квяткоўскі. Пачаў з сумнага: «Ці ведаеш, што Алег Маціевіч памёр?» — «Ведаю. А калі ён нарадзіўся?» — запытаўся я. — «30 чэрвеня 1949 года. Ён памёр, а маці засталася адна. Ёй 92 гады...» — адказаў Алесь.

***

24.03.2016. На ганку каля крамы, дзе прадаецца гарэлка, букет у сметніцы, як у вазе на пустым стале.

***

24.03.2016. Прыляцелі шпакі. Прыгожыя, як чорна-белыя фотаздымкі.

***

24.03.2016. Зімой поўня як проламка на замерзлай рацэ вечнасці, дзе цячэ залатая вада.

***

25.03.2016. Ранкам ездзіў у Нацыянальную бібліятэку. Прыехаў без пяці дзесяць. Думаў, што нікога не будзе. Ды не! Каля дзвярэй чалавек сорак чакалі часу, калі адчыніцца бібліятэка. Мяне гэта парадавала, бо адкрыцця крам у раёне, дзе жыву, звычайна чакаюць чалавек дзесяць, часам пятнаццаць.

***

25.03.2016. А палове сёмай раніцы, калі я выгульваў аўчарку Міёну, над горадам з боку Прыбалтыкі ў напрамку Магілёва праляцела сямнаццаць гусей. Увесь час пералётны ланцужок мяняўся. У нейкі момант у лёце птушак мне пабачылася хоку (5-7-5), але я не паспеў яго прачытаць. Магчыма, Міёна прачытала, але я не спытаўся ў яе, каб яна не падумала, што я непісьменны.

***

26.03.2016. Прачнуўся а чацвёртай гадзіне ночы. Радкі папрасіліся ў свет:

Паэтам не жывецца ў Занзібарах,

І вечнаю дарогаю дамоў

Яны на небе аб прыгожых марах,

Замест чарніла скарыстаўшы кроў,

Начамі пішуць, ды заместа слоў

Мы бачым зоры.

***

27.03.2016. Сонца — сланечнік, да якога Ван Гог не намаляваў пялёсткі.

***

28.03.2016. Колькі ні змагайся з ветраком, а ён усё роўна цябе пераможа. І ўсё ж прыйдзе час, калі ўжо не будзе цябе, вятрак сам разваліцца, таму ці варта змагацца з ветракамі, калі ёсць справы больш важныя.