Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 66

Віктар Шніп

***

20.03.2016. Апоўдні з Міёнай гуляў па Мухлі. Над намі было глыбокае сіняе неба, а навокал дрэвы, якія ўжо гатовыя выбухнуць зелянінай, і ўчарашні снег, праз які месцамі віднеюцца леташнія трава і апалае лісце. Раптам высока-высока пачуліся птушыныя крыкі. Гэта ў напрамку Прыбалтыкі ляцелі гусі. Іх было каля сотні. Пералётны ланцужок увесь час змяняў сваю форму

і, калі я сказаў Міёне, каб яна паглядзела на птушак, на нейкі момант ён быў падобны да сэрца. Аўчарка, зірнуўшы ў неба, гаўкнула і пабегла далей гуляць, а я сачыў за птушкамі, пакуль яны былі бачныя. І мне здавалася, што я гляджу на шырокую вясновую плынь, па якой плыве срэбны ланцужок князёўны з Вялікага Княства Літоўскага...

***

21.03.2016. Андрэй Федарэнка прынёс рукапіс новай кнігі. Невялікага аб’ёму. Аркушаў пяць. Падзяліліся жыццёвымі навінамі. Абмяняліся кнігамі. Андрэй падарыў «Сечку» з аўтографам («Дарагому сябру, Пісьменніку і Паэту з вялікіх літар, жывому класіку В. Шніпу з любоўю»), а я яму кнігу «Заўтра была адліга» з прыблізна такім жа подпісам, які ён зрабіў мне. На пытанне: «Што цяпер новага пішаш?» Андрэй адказаў: «Нічога! Вось аддаў вам у выдавецтва рукапіс і цяпер, можа, што і ствару на чыстым раскарчаваным месцы...»

***

21.03.2016. Сяджу ў пустой студэнцкай аўдыторыі. Падлога пясчанага колеру. Гэткія ж крэслы і сталы. Усё як з пяску. Не аўдыторыя, а нейкая тутэйшая Сахара.

***

22.03.2016. З інтэрнэта даведаўся, што 18 сакавіка памёр мастак Алег Маціевіч. З ім я пазнаёміўся гадоў трыццаць таму. Адразу пасябравалі. Сустракаліся ў мяне дома, у майстэрні Алега, хадзілі па вуліцах. Увесь час мастак планаваў намаляваць мяне з Людмілай. Нават паказваў чыстае палатно, на якім павінныя былі з’явіцца нашы партрэты. Гадоў дзесяць таму, 5 ліпеня, мы з Людмілай дамовіліся пайсці ў адну з кавярань паблізу з Нямігай, каб адзначыць дзень Людміліных народзін. Толькі сустрэліся каля «Гандлёвага дома на Нямізе», як тут жа напаткалі Алега Маціевіча, і нашы ранейшыя планы рассыпаліся. Зайшлі ў краму, купілі што трэба і пайшлі ў майстэрню да сябра. Пілі віно, чыталі вершы свае і сяброў. Маціевіч на паперы, што была пад рукой, зрабіў накід нашага будучага агульнага партрэта. Позна вечарам, развітваючыся, Алег падарыў Людміле гіпсавую пасмяротную маску Сяргея Ясеніна. Яна цяпер у нас вісіць на сцяне сярод карцін у зале. Кожны дзень, праходзячы міма маскі Ясеніна, я міжволі ўспамінаю паэта і мастака, і буду і надалей успамінаць.