Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 30
Віктар Шніп
***
30.11.2015. Працягваем замену старой газавай калонкі на новую. У пятніцу ў ЖЭСе абяцалі на сёння прыслаць майстра, які зробіць вентыляцыю. Едучы з працы, яшчэ ў аўтобусе, патэлефанаваў жэсаўцу, што буду яго чакаць праз пяць хвілін. Не паспеў дома распрануцца, як з’явіўся майстра. на мыліцах. Параіў патэлефанаваць у Белвентыляцыю. Нумар тэлефона не даў, бо не ведае, а, пакідаючы кватэру, сказаў: «Магчыма, ужо Белвентыляцыі не існуе...»
Снежань
***
1.12.2015. У снезе затаілася смецце, каб дабыць на сваім месцы хаця б да вясны...
***
2.12.2015. У Нацыянальным мастацкім музеі ўдзельнічаў у прэзентацыі кнігі «Алексей Кузьмич. Творец возвышенных Мадонн», якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры» да 70-годдзя мастака Аляксея Кузьміча (1945—2013). Перад імпрэзай баяўся, што ніхто не прыйдзе. Аднак сабралася чалавек пяцьдзясят. З іх толькі пяць мастакоў. Пра гэта прысутныя даведаліся, калі кінарэжысёр фільма пра Сафію Слуцкаю папрасіў падняць рукі мастакам, якія прыйшлі на прэзентацыю. Прадавалася кніга. Купілі трынаццаць экзэмпляраў. Да мяне падыходзіла народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч і падзякавала за вершы, якія яна чула па радыё. Прысутныя мелі магчымасць не толькі паслухаць выступоўцаў, але і паглядзець карціны з пастаяннай музейнай экспазіцыі, а таксама выставу «Ад рэалізму да імпрэсіянізму. Жывапіс ХІХ—ХХ стст. з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі», дзе прадстаўлены творы І. Рэпіна, І. Шышкіна, В. Пярова, А. Саўрасава, В. Верашчагіна, В. Паленава, А. Куінджы, К. Каровіна, І. Левітана і параўнаць іх з карцінамі Аляксея Кузьміча...
***
3.12.2015. Супрацоўніца выдавецтва, якой што ні даручы, усё выканае добрасумленна, прынесла рэдакцыйную пошту. Кладучы мне лісты на стол, сказала: «Нам нейкае пісьмо з суда прыйшло...» Глянуўшы на канверт, я вырашыў пажартаваць: «Нам тут год турмы прысудзілі. Можа, вы паўгода паседзіце, а потым мы знойдзем каго-небудзь вам на замену. Добра?» Жанчына на міг разгубілася, а потым гучна рассмяялася.
***
4.12.2015. У бібліятэцы імя Цёткі тэатр «Арт.С» працягнуў рэалізацыю паэтычна-міфалагічнага праекта «Сакральная Беларусь». На гэты раз тэмай імпрэзы быў белы колер. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, прыйшлі ўсе выступоўцы: Рэгіна Багамолава, Мікола Кандратаў, Ірына і Максім Клімковічы, Людміла Хейдарава, Юрась Пацюпа, Таццяна Пратасевіч. Народныя песні спявала Альжбета Малішэўская-Спрынчан. Па просьбе гаспадароў сцэны Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага, а таксама слухачоў, свой верш «Белы і белае» я чытаў двойчы — на самым пачатку і ў завяршэнні. Потым мы за гарбатай па чарзе распавядалі гісторыі, звязаныя з белым колерам. Гаворачы пра белую гарачку, я ўзгадаў інтэрнат Літінстытута, дзе аднойчы з сябрамі (двума палякамі, літоўцам і ўкраінцам) некалькі сутак адзначаў атрыманне стыпендыі. На трэція суткі я пакінуў кампанію. Сплю. Сярод ночы стук у дзверы. Адчыняю. Стаіць літовец Леанідас Яцынявічус. Пытаюся: «Што здарылася?», і чую: «Вітаўт, выйдзі на калідор. Паглядзі, якая прыгожая дзяўчына ўся ў чорным стаіць каля ліфта!» Я нікога не бачу, а Леанідас бачыць. «У цябе ж сяброўкі няма. Давай мы дзяўчыну табе зловім, пакуль палякі не злавілі!» — прапануе сябра і пачынае лавіць нябачную прыгажуню. Даслухаўшы да канца мой аповед, «артэсаўцы» сказалі, што ў літоўца не было белай гарачкі, бо пры белай гарачцы ўсё белае. А я і не сцвярджаў, што ў Леанідаса была белая гарачка. Мне той вечар запомніўся клопатам літоўца пра мяне, самотнага беларуса, і асабліва сказанае ім: «Давай мы дзяўчыну табе зловім, пакуль палякі не злавілі!»