Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 28
Віктар Шніп
***
20.11.2015. У двары пад дажджом стаяць машыны, як у нечым вінаватыя перад сваімі гаспадарамі.
***
21.11.2015. Спаў, як з Парыжа ўцёкшы.
***
22.11.2015. Першая ільдзінка ў вадзе, як рыбка.
***
22.11.2015. Праходзячы паўз Кальварыйскія могілкі, заўважыў, што на іх шмат старых крыжоў і агароджаў пафарбавана ў сіні колер, які мне напомніў, што за восеньскімі дажджлівымі аблокамі ёсць чыстае неба.
***
23.11.2015. Ноччу выпаў першы снег. На Свіслачы чайкі, як снежкі, якімі з аднаго берага на другі перакідваліся закаханыя, што гулялі аж да ранку каля Траецкага прадмесця.
***
24.11.2015. У час любавання першым снегам у мяне з’явіўся пачатак верша:
У першым снезе чорнае каменне,
Як чарнасліў на торце ў дзень народзін,
Дзе свечкамі слупы стаяць.
***
25.11.2015. Наша газавая калонка для нагрэву вады больш не рамантуецца. Цяпер, каб старую памяняць на купленую новую, трэба дачакацца пяці візітаў розных спецыялістаў-газавікоў, мантажнікаў, пажарнікаў, наладчыкаў, пускавікоў. Сёння няспраўную калонку адключылі. Потым другі спецыяліст пачапіў новую. Так мінуў дзень. Заўтра павінны прыйсці пажарнікі. Сказалі, каб чакаў іх тэлефанавання. Гледзячы на спецыялістаў, якія прыходзяць і як яны выконваюць свае абавязкі, думаю, што я сам бы ўсё гэта зрабіў за некалькі гадзін. Праўда, мая праца была б незаконнай. А так усё законна. І ўсё платна. Ведаю, што некаторыя пенсіянеры ў нашым раёне, не могучы адрамантаваць калонак, грэюць ваду ў каструлях на газавых плітах.
***
26.11.2015. Сёння святкуецца 70-годдзе часопіса «Нёман». Схадзіў бы і я на ўрачыстасці, калі б не хатнія праблемы з газавай калонкай для нагрэву вады, якія, чым больш імі займаюся, тым яны ўсё толькі пакуль што павялічваюцца. Хацелася ж, каб усё было па законе. Цяпер па законе няпэўны час мы будзем без гарачай вады. І ўсё ж сёння свята і ў мяне. Як-ніяк, а з 1980 па 1985 год я працаваў літкансультантам у «Нёмане». Трапіў я туды дзякуючы загадчыку літаратурнага аддзела часопіса Браніславу Спрынчану. Тады я нідзе не працаваў і не вучыўся. Быў тунеядцам. Хадзіў па рэдакцыях з вершамі. Надрукаваўшыся ў «Полымі», «Маладосці», «Беларусі» і ў «ЛіМе», пайшоў у «Нёман» прапанаваць свае творы для перакладу. Браніслаў Пятровіч сёе-тое ўзяў. Праз тыдзень я зноў прыйшоў. Разгаварыліся. Чыталі адзін аднаму вершы. І, відаць, Браніслаў Пятровіч, размаўляючы са мной, здагадаўся, што я вольны паэт, а рэдакцыі якраз быў патрэбен няштатны літкансультант, таму ён і прапанаваў мне працу. Я з радасцю пагадзіўся. Праўда, аплата была невялікая — за адзін адказ адзін рубель. У месяц атрымоўвалася ад дваццаці да сарака рублёў. Недзе праз год у рэдакцыі газеты «Вячэрні Мінск», ведаючы, што я працую літкансультантам у «Нёмане», прапанавалі быць і ў іх літкансультантам. Пасля гэтага я стаў зарабляць ад сарака да шасцідзясяці рублёў у месяц. Грошы невялікія, але ж грошы. І я не прапаў. І не прапаў, дзякуючы «Нёману», у якім працаваў незабыўны Браніслаў Пятровіч Спрынчан.