Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 32

Віктар Шніп

***

10.12.2015. Сёння споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца, які нарадзіўся ў маёнтку Багданава на Ашмяншчыне (цяпер Валожынскі раён). На мінулым тыдні мне патэлефанавала валожынскае начальства і папрасіла, каб я выступіў на свяце. Да свайго сораму я ні разу не быў на радзіме свайго знакамітага земляка, таму з радасцю даў згоду.

Ідучы да мікрааўтобуса, які чакаў вандроўнікаў у Багданава на Цэнтральным пляцы, зайшоў у царкву. Было пару чалавек. Зусім маладыя. Са светлымі тварамі. Заказаў малітву па бацьках і сваяках, у памяць Фердынанда Рушчыца паставіў свечку.

З Мінска выехалі а восьмай гадзіне. Чалавек пятнаццаць. Мастакі, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея, карэспандэнты. Амаль усіх ведаю. Сядзеў з Уладзімірам Васюком. Усю дарогу гаварылі пра жыццё-быццё і пра тых, каго ўжо няма з намі. За вокнамі мікрааўтобуса туман. Часам здавалася, што мы не едзем, а ляцім на самалёце.

У Валожыне да нас далучыліся госці з Літвы і Польшчы. Паперадзе нас ехала міліцэйская машына з мігалкай...

У Багданаўскім касцёле ўжо былі людзі. Ксёндз чытаў малітвы па-беларуску і па-польску.

Фердынанд Рушчыц пахаваны на мясцовых могілках на ўзгорку, як на вяршыне зялёнай беларускай гары, якая ў гэтай мясціне самая бліжэйшая да неба. А неба было бясхмарным. Свяціла сонца. Туман растаў і перад намі з’явіліся краявіды, нібыта ажылі карціны Рушчыца...

У Вішнеўскай мастацкай школе адбыліся ўрачыстасці, якія пачаліся з мяне — прачытаў «Баладу Фердынанда Рушчыца». Потым выступалі валожынскае начальства, паслы Літвы і Польшчы, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў і яшчэ шмат хто...

Алесь Квяткоўскі падарыў для будучага музея Фердынанда Рушчыца карціну. Ён у Багданава прыехаў на цягніку яшчэ ўчора. Начаваў у сяброў.

У мастацкай школе працуе невялікая фотавыстава Міколы Лінніка. На сценах вісяць карціны мастакоў, якія былі намаляваны падчас пленэра. На іх краявіды, якімі ў свой час натхняўся Рушчыц...