Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 29
Віктар Шніп
***
27.11.2015. Займаючыся заменай газавай калонкі, за гэты тыдзень тры старонкі сшытка, куды пішу вершы, спісаў тэлефоннымі нумарамі, а гарачай вады так і няма. Да газавых разборак падключылася Людміла. Наша сабачка Міёна чакае сваёй чаргі, як у казцы пра рэпку.
***
28.11.2015. З сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзіў у Пугачы.
На вуліцы на прыпынку станцыі метро «Магілёўская» чакаў амаль паўгадзіны, пакуль швагра падбярэ мяне на машыне. Змерз і засумаваў. За хвілін пяць да прыезду Віці патэлефанавала дачка і паведаміла, што да нас прыйшоў чалавек з Мінскага водаканала і памяняў лічыльнік на ваду, і ён пытаецца, чаму ў нас нулявыя паказчыкі на старым прыборы. «Нулявыя, таму што пазаўчора, калі быў дома наш Максім, прыходзіў чалавек з водаканала і памяняў лічыльнік!» — адказаў я і засмяяўся, уявіўшы, што яшчэ праз дзень прыйдзе нехта з водаканала і пры Людміле памяняе лічыльнік, а потым яшчэ ў чацвёрты раз памяняюць і пры мне.
Заехаліся да бацькоў на Ракаўскія могілкі. Усё прысыпана снегам. Светла. А тут і сонца засвяціла. На помніку пачала раставаць шэрань. Сястра, убачыўшы, як з помніка капае вада, сказала: «Плачуць нашы бацькі.»
На палях праз снег тырчаць зялёныя стрэлкі азімых. Ад іх цёпла вачам і душы.
На буслянцы лапік снегу, як ліст пакінуты бусламі.
У вёсцы ціха. Нідзе не бачна ні варон, ні галубоў, ні вераб’ёў. Пару вяскоўцаў прайшло міма нашай хаты. Жыццё не спынілася.
У хаце яшчэ не холадна. Завёў гадзіннік. Яшчэ больш пацяплела. Уключыў радыё. Хата наогул ажыла. Падалося, што бацькі на працы і праз нейкі час, убачыўшы, што каля хаты стаіць машына, вернуцца дадому.
На кухні ўцяплілі ваду. Схадзілі да дзядзькі Шуры і цёткі Дзіны. Падзяліліся навінамі. Хораша, што ў вёсцы яшчэ жывуць родныя.
На чарнаплоднай рабіне прыхопленыя марозам ягадныя гронкі, як патухлыя сузор’і нашага саду.
Адзінокі яблык прымерз да травы. Бяру і здаецца, што трава не хоча яго мне аддаваць.
Непадалёку ад нашай хаты сажалка, зацягнутая лёдам. Нясмела ступаю на лёд. Ён патрэсквае, але трымае. І мы з Віцем пакаталіся, як у дзяцінстве.
Вярнуўся з роднай вёскі. Адчуванне, што нібыта пабыў у цэнтры белага свету.
***
30.11.2015. Размаўляў з паэткай Валянцінай Паліканінай. Ёй сняцца каляровыя сны, як і мне. Шмат у іх сімволікі і таго, што з цягам часу здзяйсняецца. Словам, сняцца прарочыя сны. Сняцца і вершы. Нядаўна Валянціне прыснілася вялікая ў чырвоным атласе кніга, у якой яна прачытала: «Паэзія — дзень саракавы. гісторыі».