Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 31

Віктар Шніп

***

6.12.2015. У майстэрні Алеся Квяткоўскага цячэ з трубы вада. Выклікаў майстроў з ЖЭСа. Нічога не зрабілі. Сказалі: «Не затаплівае? Не! Лічыльнік не круціцца? Не! Ну дык няхай і цячэ!» Цячэ другі месяц. А я ўзгадаў, што ў мяне ў вёсцы з калонкі, што ў дзесяці метрах ад хаты, ужо гадоў пятнаццаць такая ж бяда. Час ад часу нешта рамантуюць, але балота не знікае. Алесь, паказваючы, дзе прарвала трубу, кажа: «Вада цурчыць і, калі малюю, часам здаецца, што я не ў майстэрні, а на прыродзе каля ручаіны...»

***

6.12.2015. Раніцай заўважыў, што ў нашым двары на бэзе пупышкі зазелянелі. Яшчэ пару дзён і лісце з’явіцца. Падумалася, магчыма я ўсю зіму праспаў і цяпер на вуліцы сакавік?

***

8.12.2015. У Доме кнігі, дзе месцяцца выдавецтвы, на восьмым паверсе ў калідоры і ў прыбіральні пахне, як у Ракаўскай бальніцы, дзе памёр (хутка будзе тры гады таму) мой бацька. Узгадваючы бальніцу, падумаў: «У выдавецтвах таксама не ўсе рукапісы выжываюць...»

***

8.12.2015. Да свят, да дзён нараджэння на працы часам даводзіцца ў дадатак да празаічных радкоў пісаць вершы. Потым віншаванні раздрукоўваем на прыгожых, зробленых выдавецкімі мастакамі, паштоўках. За апошніх дзесяць гадоў такога дабра мной напісана каля пяці дзясяткаў. У мяне амаль нічога не захавалася. Напісаў і забыўся. Нашы супрацоўніцы, якія займаюцца наборам і вёрсткай тэкстаў, увесь час мне кажуць, каб гэтыя экспромты выдаў асобнай кніжкай. Я ў адказ толькі ўсміхаюся і амаль нічога не захоўваю. Некаторыя ўжо трапілі ў сметніцу, а некаторыя пыляцца па шуфлядах майго стала. Сярод старых папер знайшоў некалькі рукапісных віншавальных твораў, напісаных Леанідам Дранько-Майсюком. Хутчэй за ўсё іх у самога аўтара няма. Захаваю. Нядаўна я напісаў верш для віншавання і па просьбе выдавецкіх жанчын з камп’ютарнай занатаваў:

Апошнія дні лістапада,

Нібыта вуголле кастра,

Якім асвятляецца Свята

Любові, Кахання, Дабра,

Якое бацькамі пачата,

Якое не мае мяжы,

Бо гэта вялікае Свята

Святое, як продкаў крыжы,

Як неба, як сонца, як зоры,

Якія заўсёды з табой,

Якія цябе не паўтораць,

Як музыку ў кветцы вясной,

Бо ўсё непаўторна, што свеціць

З тых дзён непаўторных тварэння,

Калі мы з’явіліся ў свеце,

І дзень той стаў Днём Нараджэння!

***

9.12.2015. Сёння дзень народзін Максіма Багдановіча. Удзельнічаў ва ўрачыстым ускладанні кветак да помніка паэту. Нягледзячы на холад, людзей сабралася даволі шмат. Праўда, у асноўным школьнікі і студэнты. Змерз. І няслаба. І, відаць, змерзлі ўсе. Прадстаўляючы мяне, дырэктар Музея Максіма Багдановіча Марына Запартыка сказала: «Зараз выступіць галоўны рэдактар выдавецтва «Роднае слова».» І я пачаў з выпраўлення агаворкі: «Мы тут усе ўжо змерзлі, таму і не дзіўна, што выдавецтва «Мастацкае слова» назвалі «Род­ным словам». Сказаў і зразумеў, што і я памыліўся, таму давялося тут жа выпраўляцца на «Мастацкую літаратуру». Аксана Спрынчан, якая выступала пасля мяне, потым распавяла, што мая агаворка ўспрынялася як дасціпны жарт. Сло­вам, было холадна. Але самае галоўнае — каля Максіма Багдановіча былі людзі і, спадзяюся, што нехта з іх прыйдзе вечарам дадому ў цяпло, возьме томік з вершамі паэта і разам з ім у тыдзень Нобелеўскіх лаўрэатаў задасца пытаннем: «Хто мы такія? Толькі падарожнікі, — папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?»