Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 27
Віктар Шніп
***
16.11.2015. Першы раз у жыцці выгульваў сабаку. Нашай Міёне заўтра ўжо тры месяцы. За гадзіну шпацыру мы пазнаёміліся з шасцю сабакамі. Яны ўсе былі меншыя за нашу. Падыходзілі і ўцякалі. Ідучы дахаты, да Міёны прыстаў Балу. Дзяўчына, якая яго выгульвала, была сімпатычная.
***
17.11.2015. Быў на радыё. Яна Хадоска са мной запісала ажно тры перадачы. Расказваў пра выдавецкія справы і пра сваю кніжку «Заўтра была адліга». Пасля студыі выйшаў на калідор і ўбачыў прыгожа апранутую дзяўчынку, якая гучна спявала беларускую песню пра каханне. Побач з ёй стаялі жанчыны і яшчэ некалькі дзяўчынак гадоў дзесяці. Я спыніўся паслухаць. Хутка дзяўчынка закончыла спяваць і адна з жанчын ёй параіла, каб тая пасля песні сказала «спасіба». Пачуўшы гэта, я ўткнуў свае тры грошы: «Лагічна было б пасля беларускамоўнай песні сказаць “дзякую”». «Ой! Правільна! Скажы дзякую!» — заўсміхалася жанчына і прытуліла да сябе малую.
***
17.11.2015. У выдавецтве Віктара Хурсіка выйшла кніга «Жыццё ў імя Бацькаўшчыны» — вянок успамінаў і разваг пра Анатоля Белага (10.12.1939 — 14.11.2011), які некалькі дзясяцігоддзяў, стварыўшы клуб «Спадчына» і ўзначаліўшы яго, быў адным з самых актыўных працаўнікоў на ніве беларушчыны. Стораны ім у Старых Дарогах унікальны музей — гэта чалавечы подзвіг. Можна было б і далей казаць гучныя словы ў адрас спадара Анатоля, які ўжо чатыры гады, як сышоў у лепшы свет, але гэта будзе дэмагогія, якая паўторыць сказанае тымі, хто яго ведаў лепей за мяне. Дабаўлю адно — быў Анатоль Белы і была «Спадчына», якая рабіла справу. Не стала Анатоля Белага і «Спадчына» амаль сышла з нашай яснай явы, і гэта сведчыць пра тое, што Анатоль Белы — асоба, лідар, дзякуючы якому мы не самотныя, бо маем Музей у Старых Дарогах.
***
18.11.2015. У Музеі Максіма Багдановіча быў на вечарыне «Час робіць усё, што яму прыспявае», прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння Яна Скрыгана, якую арганізавалі і правялі супрацоўнікі Музея гісторыі беларускай літаратуры пры актыўным удзеле дачкі пісьменніка Галіны Іванаўны. Зала была паўнюткая. Прыемна было сустрэцца з Васілём Зуёнкам і Кастусём Цвіркам. Прысутнічалі дочкі класікаў — Наталля Семашкевіч (Брыль) і Валерыя Навуменка. Выступоўцы гаварылі коратка і па справе, але было пару і такіх, якіх хацелася прагнаць ад мікрафона, бо яны ўсё гаварылі і гаварылі і далёка не пра юбіляра.
З Янам Скрыганам я пазнаёміўся недзе ў годзе 1980-м у Музеі Янкі Купалы ў кабінеце Хрысціны Лялько. Потым былі яшчэ выпадковыя сустрэчы ў рэдакцыях. Здавалася б, хто я такі для Скрыгана? Малады пачатковец. Ну друкуюся. Хаджу на літаб’яднанні. Такіх, як я, дзясяткі. А тут Скрыган, сустрэўшы мяне, распытваецца пра маё жыццё, гаворыць пра мае вершы, якія ён чытаў у перыёдыцы. Цытуе мае добрыя і дрэнныя радкі. Раіць, як і што рабіць далей. Такіх сустрэч было нямала і яны вельмі дарагія. Асабліва запомнілася паездка ў Вязынку на святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. Ехалі электрычкай. Кампанія сабралася немалая. Ян Аляксеевіч, Хрысціна Лялько, Роза Станкевіч, Мікола Мятліцкі, Леанід Галубовіч і я. Калі не памыляюся, білеты нам купіў у Вязынку і назад Ян Скрыган. Пасля ўрачыстасцяў і свята паэзіі Ян Аляксеевіч нас частаваў. Сядзелі на траве пад дрэвамі, пілі фінскі вішнёвы лікёр. Гаварылі пра літаратуру. Па чарзе чыталі вершы для Яна Аляксеевіча. Вярталіся ў Мінск позна вечарам. На душы было хораша-хораша. І цяпер, успамінаючы той далёкі святочны дзень, праведзены ў кампаніі з Янам Скрыганам, не магу больш нічога падобнага ўспомніць. Праўда, нішто не паўтараецца. Аднак я магу пахваліцца: «Я чытаў свае вершы для Яна Скрыгана!» Можа, для некага гэта пустое, але тады той зусім не ведае, хто такі Ян Скрыган.