Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 26

Віктар Шніп

***

14.11.2015. Нягледзячы на дождж, з Людмілай ездзілі ў майстэрню скульптара Івана Міско.

Пераходзячы вуліцу каля касцёла, размінуліся на пераходзе з графам Прушынскім. Мы паспелі перайсці, а граф патрапіў пад хвалю моцнага ветру, які сярод вуліцы зламаў яму вялізарны парасон, сарваў з галавы шапку і кінуў пад колы машын.

У майстэрні Іван Якімавіч з Міхасём Кенькам чакаў нас. У расчыненай печцы весела гарэў агонь і цяпло распаўзалася сярод скульптур, як вясновае разводдзе.

Праз хвілін дваццаць да нашай кампаніі далучыўся архітэктар Сяргей Асташонак, а яшчэ праз нейкі час прыйшоў чалавек, які займаецца вырошчваннем бульбы і яе продажам.

Іван Якімавіч узгадаў, што ўчора быў на святкаванні юбілею Акадэміі мастацтваў: «Усе выступалі па-беларуску. Далі слова намесніку міністра адукацыі і ён пачаў гаварыць па-руску. Быў бы гэта нейкі дырэктар завода, дык гавары ты па-руску, але ж гэта намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь! На фоне ўсіх выступоўцаў ён глядзеўся не як намеснік міністра адукацыі...»

Не маглі мы не пагаварыць пра Парыж і тэракты, якія ўчора там адбыліся. Іван Якімавіч у Францыі ні разу не быў і з цікавасцю слухаў аповед Людмілы пра Парыж і Невер, у якіх яна тыдні два таму была.

Гаворачы пра Парыж і творчых людзей, Іван Якімавіч узгадаў: «Пры Саветах жонка пісьменніка Анатоля Шаўні Зоя ездзіла ў Парыж з нейкай дэлегацыяй. Перад ад’ездам дамоў усім далі магчымасць пахадзіць па горадзе і набыць, што захочацца. Час вольны прайшоў, і ўсе сабраліся ў аўтобус. Тут жа жанчыны пачалі адна перад адной хваліцца, хто якія станікі, хто якія майткі набыў. Зоя Шаўня таксама пахвалілася. Паказала ўсім свой партрэт, які ёй толькі што намаляваў парыжскі мастак і за які яна аддала ўсе грошы. Пасля гэтага ніхто больш не стаў хваліцца пакупкамі.»

На вуліцы ішоў дождж, у печцы гарэлі дровы. Мы гаварылі з Іванам Якімавічам, а ягоныя скульптуры глядзелі на нас і слухалі. Так праляцелі дзве гадзіны. Ідучы на аўтобусны прыпынак, мы спыніліся каля Французскага пасольства і пастаялі разам з людзямі, якія клалі кветкі і ставілі свечкі ў памяць загінулым у Парыжы. Многія плакалі.

***

15.11.2015. У скверы, прадзьмутым восеньскім ветрам, стары сядзеў на лаўцы, разаслаўшы пад сябе газету. Пад ягонымі выпацканымі ў пясок чаравікамі ляжала апалая лістота, а высока ў небе кружляў воран, як чорны анёл.

***

16.11.2015. З выдавецкага дзявятага паверха з Уладзімірам Сцяпанам глядзім на шматпавярховік, які ўжо амаль пабудаваны на месцы філфакаўскага інтэрната. Дом абліцаваны чорным шклом, як чорным лёдам. Валодзя кажа: «Ён падобны на крэматорый». Я не пярэчу. А мне гэты чорны будынак даўно здаецца атамнай электастанцыяй. Некалькі месяцаў таму мастак Уладзімір Васюк назваў гэты дом Чорным квадратам Малевіча.