Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 18

Віктар Шніп

жолуд без шляпкі

у першай сівой траве

Толіка Сыса

***

у келіху ліст

манетай залатою

на дне сусвету

***

карэнняў вужы

у пяску як у вагні

труну трымаюць

***

тут чужых няма

і ўсё-ткі воран сівы

крыжы вартуе

***

гронкі рабіны

як кароўкі божыя

чакаюць сонца

***

п’е чорны мураш

на агарачку свечкі

расу як неба

***

на крыжы паэта

павуцінка трапеча

як апошні верш

Амаль гадзіну з Алесем Квяткоўскім гаварылі пра нашых сяброў, успаміналі тыя часы, калі мы былі маладыя. І ўвесь гэты час з новай Алесевай карціны на нас глядзеў Уладзімір Караткевіч, які з ваўком на балоце п’е піва, зваранае старым зайцам. Узгадаліся заключныя радкі з майго верша, па якім Алесь малюе карціну:

.хай хоць часам

Будзе ў паэта святочны настрой.

Хай жа з ваўком яны вып’юць там разам

За Беларусь прад халоднай зімой...

***

24.10.2015. Іду праз пачарнелы сквер па мокрай патаптанай лістоце. Бязлюдна. Настрой такі, нібыта іду праз могілкі.

***

25.10.2015. Дзесяць гадоў таму ў нашым раёне па вуліцы Волаха рабілі капітальны рамонт дамоў. Акрамя ўсяго ліквідоўвалі ў кватэрах воданагравальныя калонкі. У нашым доме і яшчэ ў некалькіх пенсіянеры і любіцелі выпіць выступілі супраць цэнтралізаванага водазабеспячэння: «Мы прывыклі да калонак! Мы хочам, каб і так далей было, як ёсць!» І нам паставілі бясплатна новыя газавыя калонкі. Пенсіянеры хваліліся: «У нас гарачая вада будзе штодзённа!» Праз некалькі гадоў наша калонка пачала працякаць. З кожным месяцам усё мацней. За суткі накапвала літраў пяць вады. Я сам рамантаваў — навучыўся. У пачатку гэтага года наш сын Максім уздумаў зрабіць еўрарамонт кухні. Зрабіў. Паставілі новую сучасную газавую калонку «Арыстон», якая з электрычным распальваннем. Мінула паўгода. Учора вечарам калонка перастала працаваць. Не ўключаецца. Патэлефанаваў у сервіснае абслугоўванне. Сказалі, што мы такія калонкі не рамантуем. Далі нумар тэлефона іншай фірмы. Там ніхто не адказвае. Цяпер, калі няма гарачай вады, вельмі хочацца прыняць душ. Гляджу ў акно, а там каля пад’езда на лавачцы сядзяць пенсіянеры, дзякуючы якім мы маем тое, што маем.

***

25.10.2015. Учора, калі перастала працаваць газавая калонка, я па старой звычцы палез яе рамантаваць. Толькі адвінціў нейкую чорную гайку, як адтуль, куды яна была ўвінчана, даў такі моцны струмень вады, што я напалохаўся і пачаў гайку вяртаць на месца. Праз хвіліну ўсё было навокал мокрае. Праўда, праз гэтую хвіліну я пачаў клікаць сына, каб дапамог, і самае галоўнае — я здагадаўся перакрыць ваду. На мой крык на кухню прыбеглі Максім, Вераніка і сабачка Міёна. Вада была ўсюды. Нават трапіла ў электраразеткі. Як мяне токам не забіла — не ведаю. Пасля ўсяго гэтага я пачаў чытаць інструкцыю па эксплуатацыі газавых калонак. Не спаў да паловы другой ночы. Прачнуўшыся а восьмай, праз гадзіну стаў тэлефанаваць у фірму па рамонце калонак. Там такія не рамантуюць. У час абеду Максім прыйшоў на кухню са сваім інструментам. Усё адключылі. Разабралі калонку хоць і нельга яе па інструкцыі чапаць, бо пасля ніхто не будзе рамантаваць. Максім параскручваў, паразвінчаваў усё, што можна было, а потым усё сабраў. Уключылі. І адбылося цуда! Калонка запрацавала. Цяпер чакаем Людмілу з далёкай вандроўкі, каб пахваліцца, якія мы майстры па рамонце газавых калонак.